„Зубры” параўнялі лік у серыі першага раунда плэй-оф КХЛ супраць СКА
Хакейнае менскае „Дынама” святкавала другую перамогу ў серыі першага раўнда плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі супраць піцерскага СКА. Чацвёртая гульня серыі, як і папярэдняя сустрэча каманд, адбылася на „Менск-Арэне”. У адрозненне ад нядзельнага паядынку, на гэты раз супернікі доўгі час абыходзіліся без закінутых шайб. Пасля двух „сухіх” адрэзкаў гледачоў чакала багацце галоў у заключным перыядзе. Спачатку Мікіта Гусеў пасля выхаду сам-насам з галкіперам вывеў „армейцаў” наперад, затым Ігар Мартынаў пры гульні „Дынама” ў меншасці зраўняў лічбы. Аднак на нічыю ў асноўны час гаспадары былі не згодныя: усяго за пяць хвілін Дзмітрый Сакалоў, Раман Гарбуноў і Нік Мёрклі арганізавалі ў брамку СКА адразу тры шайбы. Адказаць на такі націск пецябруржцы змаглі толькі голам Андрэя Педана ў самым канцы сустрэчы. Як вынік – 4:2 на карысць падначаленых Вудкрафта. Такім чынам, пасля чатырох матчаў у серыі „Дынама” – СКА 2:2. Для выхаду ў паўфінал Заходняй канферэнцыі адной з каманд неабходна атрымаць дзве перамогі ў наступных матчах. Пятая сустрэча сапернікаў пройдзе заўтра ў Санкт-Пецярбургу, пачатак – у 19.30.
„Алімпія” перамагла „Менск” у матчы чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісткі гарадзенскай „Алімпіі” абыгралі „Менск” у хатнім матчы жаночага чэмпіянату Беларусі. На працягу трох чвэрцяў сустрэчы ў Гародні суперніцы гулялі на роўных і толькі ў апошняй дзесяціхвілінцы гаспадыні здолелі даціснуць менчанак, выйграўшы з перавагай – 55:49. У другім матчы лідары першынства дзеючыя чэмпіёнкі краіны баскетбалісткі „Гарызонта” разграмілі маладзёжную каманду БК „Менск- 78:52. Становішча ў лідаруючай групе зараз такое: „Гарызонт” – 42 ачкі (пасля 22 матчаў), „Алімпія” – 40 (пасля 21), „Менск” – 40 ачкоў (пасля 22 гульняў).
Шумак выкліканы ў зборную Беларусі
Вячаслаў Шумак выкліканы ў зборную Беларусі.
„Юрый Шаўцоў запрасіў нашага лінейнага ў кэмп перад таварыскімі матчамі са зборнай Расеі, якія пройдуць у суботу і нядзелю. Такім чынам, у гэтых паядынках могуць узяць удзел пяць мяшкоўцаў: акрамя Шумака гэта Мікалай Алёхін, Андрэй Юрынок, Дзяніс Забалоцін і Павел Андрэеў”, — гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала клуба „Мяшкоў” Берасце.
Зборная Беларусі па міні-футболе прайграла партугальцам
Зборная Беларусі па міні-футболе паразай завяршыла адборавы турнір чэмпіянату свету 2024 года. У Ерэване ў апошнім матчы 4-й кваліфікацыйнай групы падначаленыя Аляксандра Чэрніка саступілі дзейнаму чэмпіёну свету і Еўропы камандзе Партугаліі 2:4. У першым тайме ў партугальцаў вызначыліся Эрык і Бруну Каэлью, адразу пасля перапынку Арцём Зуёнак адыграў адзін гол, а неўзабаве Дзмітрый Шыманоўскі аднавіў раўнавагу. Прапусціўшы два мячы, партугальцы рэзка актывізаваліся і на працягу дзвюх хвілін Фабіу Сесіліу і Зікі яшчэ двойчы засмуцілі беларускага брамніка Аляксея Лукшу.
„Чэлсі” абыграў „Барусію” і выйшаў у 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў
У матчы ў адказ у рамках Лігі чэмпіёнаў паміж «Чэлсі» і дортмундскай «Барусіяй» перамаглі гаспадары поля з лікам 2:0, тады як у першай сустрэчы перамаглі дортмундцы – 1:0. Рахім Стэрлінг адкрыў лік у матчы на 43-й хвіліне. На 47-й хвіліне Бэн Чылуэл прастрэліў у штрафную, мяч трапіў у локаць Марыюсу Вольфу. Суддзя Дані Макелі паглядзеў відэапаўтор эпізоду, пасля чаго прызначыў 11-метровы. Кай Хаверц рэалізаваў пенальці з другой спробы і зрабіў лік 2:0. Па суме дзвюх сустрэч падначаленыя Грэма Потэра святкавалі перамогу з агульным лікам 2:1 і выйшлі ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў. У другім супрацьстаянні партугальская „Бенфіка” абыграла бельгійскі „Бруге” з лікам 5:1 і таксама выйшла ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў – дублем адзначыўся Гансалу Рамуш. Двухматчавае супрацьстаянне каманд завяршылася перамогай „Бенфікі” з агульным лікам 7:1 і праходам партугальцаў у наступны раунд спаборніцтва.
Беларускае Радыё Рацыя