Юлія Катаржынская: Ствараем сваю беларускую супольнасць



У Беластоку пачала працу ініцыятыва VEDA — адной з яе стваральніц стала мэнэджэрка і грамадская актывістка Юлія Катаржынская.

„Госця Рацыі” распавяла пра дзейнасць ініцыятывы і накірункі, у якіх яна будзе развівацца. Акрамя гэтага Юлія падзялілася думкамі наконт эміграцыі і падкрэсліла, што адкладваць жыццё не трэба: нягледзячы на тое, што будучыня беларусаў у замежжы пакуль невядомая, ужо зараз трэба ствараць ініцыятывы і аб’ядноўвацца ў суполкі.

РР: Распавядзіце калі ласка больш падрабязна пра ініцыятыву VEDA.

– Ініцыятыва VEDA пакуль ініцыятыва, але спадзяюся, што ў хуткім часе гэта будзе арганізацыя альбо аб’яднанне. Зараз ініцыятыва накіраваная на падтрымку людзей, якія хочуць удзельнічаць у грамадскім жыцці і ўвасабляюць свае ініцыятывы.

РР: На сустрэчы ў хабе „Новая Зямля” прагучаў тэрмін пра „нераспакаваныя валізкі”.

– Гісторыя яна цыклічная, таму часам варта звяртаць увагу на гістарычныя падзеі таму, што ад іх мы можам адштурхоўвацца і будаваць сваю дзейнасць. Мы запрасілі Алеся Кіркевіча, каб ён распавёў, як людзі перажылі гэтую эміграцыю. Мы не першыя, але ў нас іншыя ўмовы. У залежнасці ад таго, якую кампетэнцыю мы напрацуем, усё што мы забяром з сабой, альбо не забяром, гэта робіцца тут і цяпер. Часам я, калі працую з рознымі людзьмі, з рознымі, я чую такі такое: „Зараз я не хачу нічога тут рабіць, бо гэта не мая зямля, гэта не мае людзі, я не хачу будаваць гэтую супольнасць. Калі я вярнуся ў Беларусь, я буду там суперактыўным і суперпрадуктыўным”. Тут ёсць такая пагроза, што пакуль ты вернешся, ты згубіш свой досвед, ты згубіш свае кампетэнцыі. Магчыма ўсё гэта будзе неактуальна, трэба вучыцца нанова.

Тут і цяпер ты можаш быць суперпрадуктыўным і ты можаш рабіць нейкі прадукт, будаваць супольнасць, ладзіць праекты, тое што можна будзе пасля паўтарыць у Беларусі або забраць з сабой і падзяліцца з іншымі. Я думаю, што з гэтымі „нераспакаванымі валізкамі” мы сутыкнуліся амаль усе. Хтосьці працягвае жыць на валізках. Мне спатрэбілася шэсць месяцаў, каб зразумець, што зараз мы распакоўваемся і пачынаем жыць. Я з’язджала з маленькай валізкай і там у мяне было некалькі сукенак. Я кожны месяц думала, што вяртаюся, трэба толькі трохі адысці, трэба выдыхнуць, набрацца сілаў і я вяртаюся. Але так атрымалася, што не. Ты прытрымліваешся аскетычнага вобразу жыцця, ты нічога не набываеш. Тут прыходзіць зіма і ты разумееш, што летнюю вопратку трэба замяніць на зімовую. Думаеш, што супердарагое непатрэбна, можна на адзін сезон, каб можна было выкінуць, не цягнуць з сабой. Пасля атрымліваецца, што ты па трошачку пачынаеш „абрастаць” рэчамі, але ўсё роўна гэта пакуль аскетычна.

Калі ты прымаеш, што ты тут застаешся, невядома на які тэрмін, але дакладна невядомы час, ты прабудзеш тут, ты выдыхаеш і пачынаеш пераасэнсоўваць сваё жыццё і пачынаеш думаць па-іншаму. У мяне ў Беларусі было ажно чатыры блэндары і я імі не карысталася. Я была супершчаслівым чалавекам, калі ён у мяне з’явіўся тут. Падаецца блэндар, навошта, але пры гэтым я навучылася рабіць супы-пюрэ, нейкія смузі. Для шчасця мне не хапала толькі блэндара. Зараз, калі я з Грузіі пераязджала ў Польшчу, то замест адной валізкі ў мяне стала дзесяць, кожная па 32 кілаграмы. Трошкі „абрасла” рэчамі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя