Гісторыя на Хэлоўін, або Беларуская Трансільванія
Традыцыйнае свята для англамоўных краін – Хэлоўін – усё больш уваходзіць у жыццё Беларусі. Безумоўна, яго прасоўвае моладзь, бо з большага гэта юнацкая забава, гульня ў нячыстую сілу. Але ж і ў беларусаў ёсць свае традыцыі, звязаныя з містыкай.
Дагэтуль на Пінскім Палессі захаваліся артэфакты, якія сведчаць, як палешукі змагаліся з нячыстым духам. Тутэйшыя экскурсаводы для большай цікавасці могуць заявіць, што нібы існавалі палескія вампіры. Канешне, аніякіх вампіраў на Палессі не было. А хаця давайце разбяромся…
Увосень 1934 года, падчас экспедыцыі на Піншчыне, вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд зрабіла запіс у сваім нататніку: “Могілкі месцяцца на ўзгорках побач з вёскамі. Большасць з іх агароджана нефарбаваным драўляным плотам, некаторыя – калючым дротам. Магілы, над якімі ўзвышаюцца крыжы з нефарбаванага дрэва, без прозвішчаў альбо іншай спасылкі на асобу, – прыкрыты калодамі…”. І вось легендарную амерыканку зацікавіла, а што ж гэта за калоды?
Нарубы на Палессі, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.
На Пінскім Палессі ў вёсках Парэ, Багданаўка, Біжаравічы, Церабень і Грыўковічы іх называюць “нарубы”, а раней ужывалі і тэрмін “дубы”. Пасля пахавання на магілу замест землянога насыпу палешукі ўкладвалі вялікую драўляную, часцей з дубу, калоду. Рабілі таксама і невялікія збудаванні над магіламі нібы хаткі. Дзякуючы здымкам Луізы Арнер Бойд бачна, што каля ўзгалоўя нябожчыка знаходзіцца пахавальны крыж, а ў калодзе ці побач – яшчэ некалькі малых.
Такое дзіва заўважыў і расейскі даследчык, фалькларыст Дзмітрый Булгакоўскі. У сваёй кнізе “Пінчукі” ён адзначаў вялікую рэлігійнасць палешукоў, якая ўвабрала ў сябе яшчэ і язычніцкія звычаі. Прычым не мае значэння, да якой канфесіі належаць жыхары балотнай краіны: праваслаўе, уніяцтва, каталіцтва ці ўвогуле пратэстанты. Сувязь з традыцыямі продкаў больш чым будзь-якія царкоўныя каноны. Вядома, што святары спрабавалі выкараніць такія нехарактэрныя хрысціянам традыцыі, але ўсё безвынікова.
Набожнасць палешукоў – шмат крыжоў у кожным паселішчы, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.
Навошта рабілі нарубы палешукі? Як ужо казалася, экскурсаводы любяць інтрыгаваць турыстаў думкай, што нарубы звязаныя з праяўленнем у гэтых мясцінах вампірызму. Насамрэч захаваліся сведчанні старажылаў, якія ўсё добра тлумачаць. Так рабілі іх продкі, каб нябожчыкі з могілак дадому не вярталіся. Прыціснуўшы магілу нарубам, зрабіўшы такі рытуал, палешук быў ўпэўнены, што па начах мёртвыя не пачнуць хадзіць па дварах і людзей з сабой зацягваць.
Павер’е ці сапраўды калісьці на Піншчыне здарылася абуджэнне памерлых – мы не даведаемся, але пабачыць на ўласныя вочы такія артэфакты яшчэ магчыма. Для гэтага трэба наведаць дзіўнае Пінскае Палессе.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Нарубы на Палессі, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.
Набожнасць палешукоў – шмат крыжоў у кожным паселішчы, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.