Калядная зорка на кірмашах Еўропы
Калядныя кірмашы ў еўрапейскіх гарадах штогод істотна папаўняюць мясцовыя муніцыпальныя бюджэты.
Сучасныя калядныя кірмашы маюць вялікую турыстычную прыцягальнасць. Асабліва на рэгіянальным узроўні. Сёлета ў Гародні хіба ўпершыню быў арганізаваны падобны кірмаш з удзелам майстроў з усёй краіны, а таксама з замежжа. Праходзіў ён камерна ў фае лядовага палацу пад назвай „Мяцеліца” і працягваўся тры дні.
Кірмашы, якія праходзяць у нямецкіх местах доўжацца два тыдні і ўключаюць непараўнальна большую колькасць майстроў, і не толькі народнай творчасці, але і прадаўцоў глінтвейну, пуншу, піва, лікёру, пернікаў, чакалядных вырабаў… Канечне, пры даходах у Беларусі, лепей паглядзець наводдаль, бо спакусаў набыць нешта ў такім бойкім продажы вялікія, а грошай – з антонаву слязу.

Штутгарт – вялікі горад у зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Каляднаму кірмашу тут 300 год. Такая вялікая традыцыя. Працуюць атракцыёны для дзяцей.
[Not a valid template]
Два малых месты ля Штутгарта, якія славяцца сваімі каляднымі кірмашамі – гэта Людвігсбург і Эслінген на Некары.
[Not a valid template]
Да каляднага настрою кірмашоў дадаюцца музычныя калектывы, артысты, якія выступаюць на адмыслова ўсталяваных сцэнах, проста на кірмашах.
[Not a valid template]
Эслінген
Старажытны горад, тут праводзяцца карнавальныя працэсіі і калядныя кірмашы ў сярэднявечным стылі. Тут вы ўбачыце і манаха дамініканца з піўным келіхам на пасе, і вядзмарку з востраверхім капелюшом, феі, збраярніка і аднавокага разбойніка, які валындаецца ад адной стойкі для піва да іншае.
Страсбур – сталіца Эльзаса, францускай тэрыторыі на Рэйне. Тут наведнікаў гістарычнага цэнтру і каляднага кірмашу сустракаюць паліцыянты, якія спраўджваюць торбы на наяўнасць выбухоўкі, ці іншых небяспечных для людзей рэчаў.
Тут, як і ў іншых местах, святочны калядны настрой падтрымліваецца не толькі на афіцыйным, але і на прыватным узроўні. Крамы ды офісы абавязаны ўпрыгожваць свае вітрыны каляднай атрыбутыкай, а грамадзяне робяць гэта з уласнае ініцыятывы.
[Not a valid template]
Страсбур
Адметнасцямі сёлетніх калядных кірмашоў у Нямеччыне і Францыі – наяўнасць вялізных каменных, ці бетонных блокаў перад уваходам у гандлёвыя рады. Як перасцярога ад паўтарэння трагічнага выпадку , які адбыўся летась у Берліне, калі фура наехала на дзясяткі наведнікаў кірмашу.


кірмаш у Празе
Канечне, нямецкія гарады маюць даўнюю традыцыю калядных кірмашоў, але гэта менавіта тое, што можа даць і беларусам на сваёй зямлі натхненне для фантазіі ў святочныя дні зімы.
А гэта відэа, каб троху пранікнуцца духам калядных кірмашоў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара