Прыехаць у Еўразвяз на машыне цяпер будзе крыху складаней



Беларускія кіроўцы, якія едуць у Еўразвяз, цяпер не змогуць купляць Зялёныя карты (страхоўкі) на тэрыторыі Беларусі. „Кіроўцам трэба будзе набыць поліс нацыйнага памежнага страхавання ў пунктах пропуску. Апроч таго, расейскія ці беларускія зялёныя карты, раней выдадзеныя гэтым кіроўцам, будуць несапраўдныя”, — піша выданне 1188lv.

Новую страхоўку можна будзе набыць у кожнай краіне Еўрапейскай эканамічнай зоны. Ці ў пунктах пропуску проста на мяжы — праблема ў тым, што пакуль не ў кожным з іх. Так, на беларуска-польскай мяжы такіх пунктаў пакуль няма. У красавіку мінулага года офісы Зялёнай карты Еўрапейскай эканамічнай зоны дамовіліся пра спыненне супрацы з офісамі Расеі і Беларусі. Гэта была рэакцыя на расейскае ўварванне ва Украіну. Тады было дамоўлена, што супраца падоўжыцца толькі да 31 мая гэтага года. Для транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Еўрапейскай эканамічнай зоне, таксама змены. Калі яны хочуць заехаць у краіну Еўразвязу, ім таксама трэба будзе набываць на мяжы з Беларуссю новы страхавы поліс.

Беларускае Радыё Рацыя