“Сад скульптур” Сяргея Жылевіча
У палескай вёсцы Баяры, што ў Пінскім раёне, беларускі скульптар, чалец амерыканскага мастацкага аб’яднання MAP Сяргей Жылевіч заснаваў “сад скульптур”. За 35-год жыцця ў Баярах мастак стварыў звыш 100 скульптур, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю ягонага дома-майстэрні.
Скульптар працуе з гранітам, алюмініем, мармурам, бронзай ды дрэвам. З ягонымі творамі знаёмыя ў Польшчы, Злучаных Штатах Амерыкі, Нямеччыне ды Іспаніі.
“Дзе б я не быў, але ніколі не думаў пакінуць родныя мясціны”, – кажа мастак:
– Гэты дом, гэтую прастору я настолькі палюбіў, што ніякае замежжа не ідзе з імі ні ў якое параўнанне. Стараюся так пабудаваць сваё жыццё, каб ствараць кожную хвіліну. Калі я не магу трымаць у руках пэнзаль ці аловак, то пішу вершы.
У мінулым годзе, на набярэжнай Пінска, з’явілася скульптура Сяргея Жылевіча, якая ўвекавечыла пінскае паданне аб уюне.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Настассі Занько



