Візантыя. Акра, памежная фартэцыя над морам
Жыццё памежнікаў візантыйскага імператара Юстыніяна было суворым і невясёлым. Маленькі мураваны форт на ўскрайку імперыі, варожыя да прыхадняў тубыльцы і ідыятызм гарнізоннай службы…

Людзі азартныя напэўна бавілі час за гульнёй у косці. Людзі рэлігійныя рэгулярна хадзілі ў царкву. Схільныя да п’янства, відаць, прысвячалі вечары дэгустацыі вінаў. А паэты маглі пісаць оды і гімны ў гонар мора і сонца, тым больш, што навакольныя краявіды схілялі да гэтага.
Пры раскопках невялічкай візантыйскай фартэцыі Акра, што на чарнаморскім узбярэжжы Балгарыі, самымі распаўсюджанымі знаходкамі былі гральныя косці, царкоўныя рэчы і вінныя амфары. Ані вайсковага рыштунку, ані слядоў пісьмовых помнікаў археолагі не знайшлі: пэўна, візантыйскія салдаты не надта любілі практыкаванні са зброяй, а паэтаў сярод іх не было.
Цяпер пра фарпост зніклай імперыі нагадваюць толькі нешматлікія артэфакты ў мясцовым музеі, аплылыя падмуркі салдацкай царквы ды дэкаратыўны мур, адноўлены дзесяць гадоў таму.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя