Восеньскі Стакгольм
Маё першае падарожжа ў Стакгольм адбылося ў кастрычніку 2016 года. За тры дні ўдалося троху пахадзіць па горадзе, паездзіць ў грамадскім траспарце, патрапіць ў рэдакцыі выдомых шведскіх выданняў ды “акультурыцца” у музеі.
Транспарт ў Стакгольме – гэта дзіўная сістэма перапляцення. Па горадзе курсуе метро і аўтобусы. У аўтобусы я заходзіў, каб патрапіць далей на метро. Метро ў сталіцы Швецыі знаходзіцца на розных узроўнях і бывала прыходзілася перапытваць, на якую ”ветку“ і куды трэба пераходзіць. Вялікае разгалінаванне нагадвала крывяносную сістэму чалавека, і я здзіўляўся, як простыя жыхары разбіраюцца ў гэтым.
Аўтобусы Стакгольма невялічкія, і заходзяць у іх толькі праз пярэднія дзьверы. Гэта робіцца для таго, каб паказаць адмысловую карту, на якой вызначаная колькасць паездак. Праезд у грамадскім транспарце на гадзіну каштуе прыкладна 50 крон, а гэта па сучасным курсе прыкладна 5 еўра. Але за купленую зарання карту ён абыдзецца амаль у 2 разы танней. І праезд дзеліцца на гадзінныя паездкі. За гэты час можна зрабіць колькі хочаш перасадак з аўтобуса на метро.
Стакгольм – рознакаляровы і шматнацыянальны. На вуліцах можна сустрэць людзей з розных частак планеты, і рознага колера скуры. Фатаграфаваць на вуліцы магчыма, калі не лезешь у асабістае жыццё шведаў. Аднак меў з гэтага аднойчы невялічкія прабремы – сфатаграфаваў прыгожую цёмнаскурую дзяўчыну і яна дачапілася, чаму я яе здымаў.
На вуліцах гораду ў вечаровы час шмат людзей. Моладзь сядзіць у барах, дзе бакал простага піва каштуе каля 5 еўра, а ёсць гатункі і па 10-15. Для беларуса пасядзець у бары ўвечары каштуе ў некалькі разоў болей, чым ў Беластоку ці ў Вільні, не кажучы пра беларускія кошты. А шведу ці іншаму замежніку, што працуе ў Швецыі, гэта па кішэні. Бо мінімальны заробак ў Швецыі пачынаецца з паўтары тысячы еўра. Журналіст-фрылансер, што зарабляе дзьве тысячы, лічыць сябе не вельмі багатым чалавекам.
Паесці ў Стакгольме магчыма ў розных кавярнях і маленькіх рэстаранах, дзе кошт за ежу вельмі розны. Аднак здзівіла наступнае. Абедзены перапынак у Швецыі пачынаецца а 12-й, і ў 12.10-12-15 амаль не знайсці месца ў кавярнях, куды прыходзяць звычайныя шведы. Якую ежу можна паспрабаваць ў Швецыі? Сушы і кітайскія “сталоўкі” сталі такімі распаўсюджанымі па ўсёй Еўропе, што шведскую нацыянальную кужню щдалося паспрабаваць толькі два разы. Аднойчы гэта была рыба, а другім разам – катлета з лося.
Піва ў супермаркетах прадаецца вельмі дзіўнае – да 3.5 % алкаголя, а вышэй – толькі ў вызначаных крамах. Гэта вынік антыалкагольнай кампаніі, якая з’явілася ў Швецыі напрыканцы ХХ стагоддзя. Цыгарэты таксама каштуюць вельмі дорага – пачак ад 5 еўра і іх 19 штук. Так што тым, хто паліць і п’е, Швецыю не раю наведваць.
Таксама я быў здзіўлены вялікай колькасцю скульптураў па ўсім горадзе. Яны розныя па форме і па зместу і іх можна ўбачыць не толькі на вуліцах, але і на ўзроўні 2-3 паверха.
Стакгольм, я хачу цябе наведаць самастойна і цягам тыдня паблукаць па тваіх вуліцах.
Мой візіт у Швецыю быў арганізаваны аўтарамі шведскага падручніка для журналістаў-фрылансераў і сябрамі групы журналістаў-фрылансераў Шведскага саюза журналістаў Фрэдрыкам Нэйманам і Мікаэлем Бэрглінгам у супрацоўніцтве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў.
[Not a valid template]
Андрэй Мялешка, Стакгольм-Менск-Гародня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара


