Жахі і прымхі Індыі. Ліст да ўяўнай сяброўкі
Ты, напэўна, упэўненая, што Індыя – гэткі райскі сад, дзе чарнявыя прыгажуні ў яскравых сары спяваюць песні з фільма “Зіта і Гіта”, дзе шляхотныя кавалеры ў белых стройчыках мужна лупцуюць розных нягоднікаў, а перад Тадж-Махалам сядзяць заклінальнікі змеяў у чалмах? Ты мяркуеш, што Індыя — гэта край першабытных джунглях, пякучых спецый, каштоўных камянёў і прафесійных містыкаў?
Святары-брахманы ў індуісцкім храме
А я пішу табе са штата Карнатака, што на захадзе Індыі. Па тутэйшых мерках, гэта не самы вялікі з дваццаці васьмі індыйскіх штатаў: дзесьці памерам з Нямеччыну. Па насельніцтву – крыху больш за Расею, Беларусь, Украіну і Польшчу, разам узятых. Афіцыйна ў штаце жыве 250 міліёнаў чалавек – але гэта толькі тыя, хто мае хоць які дакумент. Колькі людзей жыве ў Карнатацы рэальна, не ведае ніхто. Апошні перапіс тут праводзіўся восем гадоў таму, дый то пераважна ў гарадах. Але ж большасць індыйцаў жывуць менавіта ў вёсках, прытым некаторыя закінутыя далёка ў джунглах. Ёсць вёскі, дзе пагэтуль ніколі не бачылі аўтамабіля, самалёта і тэлевізара, не кажучы ўжо пра кампутар і мабільный тэлефон. У некаторых нават не ходзяць грошы; там пануе натуральны абмен. Тыповая вясковая сям’я – восем-дзесяць дзетак, прытым далёка не ўсе яны ведаюць свой узрост. Днямі я спытаўся ў гатэльнага “боя”, які прыехаў з такоё вёскі працаваць за даляр на дзень: “Колькі табе гадкоў?” “Не ведаю, — адказаў той. – Я шосты сын у сям’і і нарадзіўся на трэці год ураджаю…”
Паломнікі медытуюць перад наведваннем храма Шывы
Адзін са шматлікіх індуісцкіх храмаў штата Карнатака
Перад рытуальным абмываннем у рацэ Тунгабхадра
Думаеш, што ў гэтага хлопца паганае жыццё? Ды ён сто разоў на дзень дзякуе сваім індуісцкім багам, што ён не нарадзіўся дзяўчынай. Бо горш за жанчыну ў вясковае Індыі толькі валацужныя сабакі; згодна мясцовай традыцыі, гэта рэінкарнацыі бацьказабойцаў.
Уяві: ты нарадзілася ў вясковай індыйская сям’і трэцяй дзяўчынкай. А гэта значыцца, што цябе цалкам законна на трыццаць трэці дзень ад нараджэння патапіць у малацэ сакральнай каровы. І ніякае гэта не забойства, а рэлігійны рытуал індуізму. Усё проста: залішні рот у шматдзетнай сям’і. Дый замуж потым выдаваць…
Добра, табе пашэнціла, і ты дажыла да дзесяці-дванаццаці гадкоў. Самы час пачаць шукаць табе жаніха. Але жаніх мае быць толькі з тваёй касты. Напрыклад, ты паходзіш з касты начных паляўнічых на пацукоў. Нават калі ты балівудская прыгажуня, ніводная сям’я з вышэйшай касты (напрыклад, чаціяраў – касты банкіраў) ніколі не аддасць за цябе свайго сына, нават калі ён пачварны ўрод ў інвалідным вазку. Шукай жаніха ў сваім коле. Знайшла? Выдатна! Выклікай астролага, бо ніводнае вяселле ў Індыі немажлівае без яго вердыкту. Астролаг складзе твой гараскоп і параўнае яго з гараскопам жаніха. Нешта не супадае? Калі твой бацька заплаціць астролагу, той абавязкова знойдзе “выключэнне”.
І вось – вяселле!
Ты — у абавязковым чырвоным сары, твой жаніх – у еўрапейскім стройчыку. Зычэнні, тосты, бліскаўкі фатаапаратаў, падарункі, якія традыцыйна забірае жаніх… Гасцей мае быць мінімум пяць соцень, але насамрэч чым іх больш, тым лепей. Нашто? А каб суседзяў ад зайздрасці скрывіла, каб яны са скрыўлінымі тварамі так усё жыццё і пражылі! Між іншым, грошы на вяселле твае бацькі пачалі збіраць з таго моманту, як толькі ты з’явілася на свет. Рэшта – пазыкі, якія будуць аддаваць і твае дзеткі, і мажліва, і ўнукі. Менавіта таму ў Індыі практычна няма разводаў.
Вяселле скончылася, і пачынаецца сямейнае жыццё. Пакуль ты не нарадзіла мужу хлопчыка-нашчадка, ты не маеш права сустракацца са сваімі бацькамі, есці ўдзень (бо твой цень можа апаскудзіць цень мужа, якога ты пакуль невартая) і нават выходзіць з дому. Твая роля – “падай-прынясі-прыбяры”.
А цяпер уяві: твой муж знянацку памёр. Калі ён індуіст (а ў Індыі большасць індуісты), то яго лепш за ўсё спаліць на беразе якога вадаёма. А ў вясковай Індыі і пагэтуль, як ты не ведаеш, практыкуецца абрад “саці”. Твой муж памёр, а ты яшчэ жывая? А, можа, гэта ты яго да смерці давяла? А ну, хуценька скокай у пахавальнае вогнішча! А каб табе прасцей скокалась, выпі вось гэты наркатычны адвар…
Але ж далёка не кожная жанчына, нават пад уздзеяннем наркотыкаў, схоча кінуцца ў вогнішча. Вось і ты не кінулася. Тады рыхтуйся да горшага. Наступным днём табе састрыгуць валасы, прытым усе мужчыны ў доме забавязаны цябе згвалціць, у тым ліку – і тавае сыны. Пасля чаго цябе паселяць у нейкай будачцы, і ўсе, хто будзе праходзіць побач, забавязаны пнуць цябе нагой.
Такая вось індуісцкая этыка….
Рыбакі на рацэ Тунгабхадра
Вясковыя жанчыны ў штаце Карнатака
Жабракі з адной найніжэйшых кастаў на вуліцы горада Хублі, штат Карнатака
Гандляр рыбай у невялікай вёсачцы штата Махараштра
Вясковы салон прыгажосці ў той жа вёсачцы
* * *
Дарагія нашыя беларускія жанчыны! Вас не патапілі ў малацэ, калі вам споўнілася трыццаць тры дні. Калі вам споўнілася дзесяць, вам не шукалі жаніха менавіта з вашай касты. Вас ніхто не будзе прымушаць скакаць у вогнішча, калі ў Беларусі сканае прыгожы вусаты мужчына, за якога шмат хто з вас галасаваў на апошніх выбарах.
У вас абсалютная гендэрная свабода – прынамсі, у параўнанні з вёскамі штата Карнатака.
І пасля гэтага вы забараняеце нам, памяркоўным беларускім мужчынам, хаця б раз на тыдзень сустракацца пад чарку за сяброўскім сталом?!
Уладзіслаў Ахроменка, Беларуская Радыё Рацыя













