Агляд прэсы: цана салідарнасці
Лукашэнка ўзмацняе ваенную рыторыку. Выбудова новай стратэгіі НАТО. У Альпах абрынуўся ледавік. Ці вытрымае Еўропа ўзрослыя кошты на энерганосьбіты? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Калі раней былі нейкія сумневы ў сапраўднай вернасці Лукашэнкі, то яго прамовы і дзеянні за апошнія два тыдні прадэманстравалі яго «нязломную» падтрымку ўварвання Расеі ва Украіну. У той час як украінскія афіцыйныя асобы не бачаць непасрэднай пагрозы ўварвання з боку Беларусі на дадзены момант, украінская выведка і памежныя службы ўважліва сочаць за дзеяннямі беларускай арміі», – піша міжнароднае аналітычнае выданне bne IntelliNews.
«Падчас сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбурзе 25-га чэрвеня расейскія войскі выпусцілі больш за 40 ракет па Украіне з тэрыторыі Беларусі, паразіўшы як ваенныя, так і грамадзянскія аб’екты. Пасля іх сустрэчы Лукашэнка значна ўзмацніў сваю ваенную рыторыку, што распаліла страхі Захаду і Украіны, што Беларусь можа ўварвацца ў Заходнюю Украіну, каб пакласці канец прытоку заходняй ваеннай тэхнікі. У сваёй прамове падчас Дня Незалежнасці Беларусі 3 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «некаторы час таму» вырашыў, што Беларусь павінна ўдзельнічаць ва ўварванні Расеі ва Украіну, і абвясціў, што загадаў вайскоўцам «нацэліць» на цэнтры прыняцця рашэнняў. у сталічных гарадах праціўнікаў Менску. Начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданаў заявіў, што пагрозы ад цяперашніх вучэнняў беларускіх войскаў ля мяжы з Украінай няма, паколькі яны праводзяць планавыя вучэнні, пра якія ўкраінская выведка ведала за два з паловай месяцы да іх пачатку. Тым не менш Беларусь мабілізуецца трывожнымі тэмпамі. Беларусам пачалі масава прыходзіць павесткі аб прызыве ў войска. Мяркуючы па ўсім, папярэджанні атрымалі нават людзі, якія раней былі прызнаныя непрыдатнымі да службы. І гэта дрэнна для Лукашэнкі, бо апошняя унцыя яго невінаватасці ў гэтай вайне заключалася ў тым, што ён знаходзіцца пад кантролем Пуціна. Замест гэтага відавочна, што Лукашэнка ўхваліў і асабіста падтрымлівае ўсю расейскую агрэсію супраць Украіны, якая зыходзіць з беларускай тэрыторыі», – фіксуе сітуацыю міжнароднае выданне.
Прэса працягвае аналізаваць вынікі саміту НАТО, які завяршыўся 30 чэрвеня ў Мадрыдзе. У новай стратэгічнай канцэпцыі Расея разглядаецца ўжо не ў якасці партнёра, але як галоўная пагроза альянсу. «Літве варта старанна падрыхтавацца да размяшчэння на яе тэрыторыі дадатковага кантынгенту НАТО, запланаванаму на 2027 год», – адзначае літоўская газета Verslo žinios.
«Агучаны пяцігадовы тэрмін крыху прыглушыў эйфарыю некаторых грамадзян нашай краіны, якія не могуць дачакацца папаўнення кантынгенту саюзнікаў. Гэта нядзіўна, бо зусім побач з намі – два суседы, напоўненых нянавісцю. А таму галоўнай задачай усіх інстытутаў і структур, задзейнічаных ва ўзмацненні абароннай здольнасці Літвы, заключаецца не толькі ў тым, каб як мага больш эфектыўна падрыхтавацца да больш хуткага стварэння нямецкай брыгады, але і ў тым, каб самім зрабіць усё для забеспячэння ўласнай бяспекі. Воля да супраціву, здольнасць задзейнічаць уласныя сродкі і своечасовая дапамога саюзнікаў – вось вырашальныя фактары для нас», – піша літоўскае выданне.
Уся Італія ўзрушана наступствамі абвальвання ледніка ў Даламітавых Альпах, які здарыўся ў мінулую нядзелю. У выніку сходу лавіны з лёду, снегу і камянёў каля вяршыні Мармалады – самай высокай гары гэтай грады – сем альпіністаў загінулі, восем чалавек атрымалі траўмы, многія прапалі без вестак. Аглядальнікі вінавацяць у трагедыі змену клімату і, зразумела, недагляд уладаў.
«Мы недаацанілі наступстваў змены клімату», – адзначае італьянская газета La Repubblica.
«Гэта – трагедыя, якіх у Альпах яшчэ ніколі не было. Сапраўдныя маштабы катастрофы пакуль невядомы. Аднак мы ўжо ведаем, што гэта першая альпійская трагедыя, якую можна адназначна растлумачыць наступствамі антрапагеннага кліматычнага крызісу. Падвышэнне тэмпературы, пра якое мы з даўніх часоў казалі як пра нейкую праблему будучыні, якая закранае нас толькі адносна, зараз прывяло да першых ахвяр у нас, у Італіі, на адной з самых папулярных гор краіны. Драма разыгрываецца не дзесьці ва ўмоўным 2100 годзе, але прама тут і зараз», – падкрэслівае італьянскае выданне.
З прычыны забароны на імпарт расейскай нафты, а таксама рэзкага скарачэння паставак газу з боку Расеі, кошты на энергію ў Еўропе ўзляцелі ўверх: так, у чэрвені гэтага года цана на электраэнергію на біржах паднялася да 218 еўра за кілават-гадзіну, у той час як у чэрвені мінулага года яна складала ўсяго 74 еўра. Інфляцыя ў еўразоне таксама высокая – 8,6 адсоткі. Еўрапейскія СМІ ўстрывожаныя перспектывамі на восень і зіму.
«Паводле апошніх звестак апытання Eurobarometer для 59 адсоткаў грамадзян ЕЗ такія каштоўнасці, як дэмакратыя і свабода, важней за стабільныя цэны. А вось на востраве Мальта сітуацыя іншая: там 63 адсоткі апытаных адказалі, што важней за ўсё – стабільныя цэны», – наракае на сітуацыю мальтайская газета Times of Malta.
«Для многіх мальтыйцаў дэмакратыя і свабода застаюцца «абстрактнымі» каштоўнасцямі, а вось грошыкі ва ўласным гаманцу для іх важныя да надзвычайнасці, нават калі ў гэты час на іх еўрапейскіх братоў і сясцёр ва Украіне градам сыплюцца бомбы. Хоць Мальта афіцыйна не займае нейтральнай пазіцыі ў адносінах да гэтай вайны, тым не менш на Мальце яна здаецца чымсьці неверагодна далёкім. Калі мы сапраўды і непрадузята зірнем на вынікі гэтага апытання, то зразумеем, што яно шмат што пра нас кажа», – падкрэслівае мальтыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array