Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Будапешце
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч з перамогі пачала выступы на турніры катэгорыі WTA-250 у Будапешце з прызавым фондам 203 тысячы еўра.
У 1/16 фіналу беларуска, якая займае 36-е месца ў сусветным рэйтынгу, адолела ў трохсэтавым паядынку 357-ю ракетку планеты венгерскую тэнісістку Фані Штолар – 6:3, 0:6, 6:3. Сустрэча працягвалася гадзіну 44 хвіліны. У матчы за выхад у чвэрцьфінал суперніцай Сасновіч будзе 130-ы нумар рэйтынгу WTA амерыканка Бернарда Пяра.
Акшаеў пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Велеса”-2020
Вядомы беларускі спецыяліст Вячаслаў Акшаеў пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Вялеса”-2020. „Найбліжэйшым часам камандзе будзе прадстаўлены новы галоўны трэнер”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы віцебскага клуба. Праз дзевяць тураў „Вялес”-2020 з 24 ачкамі ўзначальвае турнірную табліцу віцебскага дывізіёна другой лігі.
Трасцінецкі працягнуў кантракт са сталічным клубам
Капітан „Цмокi-Мінск” Аляксей Трасцінецкі працягнуў кантракт са сталічным клубам. „Рэкардсмен па чэмпіёнскіх тытулах і гулец нацыянальнай зборнай у 17 гульнях Адзінай Лігі ВТБ праводзіў каля 25 хвілін на пляцоўцы з наступнымі сярэднімі паказчыкамі: ачкі — 3.9, падборы — 3.4, перадачы — 1.2, перахопы — 1.2. У матчах за званне чэмпіёнаў Беларусі Аляксей за сем сустрэч у сярэднім праводзіў крыху больш за 26 хвілін на паркеце з наступнымі сярэднімі паказчыкамі: ачкі — 8.7, падборы — 5.0, перадачы — 1.4, перахопы — 1.3”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы мінскага клуба .
Плат працягне кар’еру ў чэмпіянаце Фінляндыі
Форвард зборнай Беларусі Джэф Плат заключыў кантракт з фінскім „ЮП”. Тэрмін дзеяння дамовы разлічаны на адзін год, перадае афіцыйны сайт клуба. Плат правёў у КХЛ 630 матчаў, у якіх набраў 332 ачкі. „ЮП” у мінулым сезоне заняў 13-е месца ў рэгулярным чэмпіянаце Фінляндыі.
Берасце прымае адкрыты Кубак па лёгкай атлетыцы
Каля 400 спартоўцаў прымуць удзел у летнім адкрытым Кубку Беларусі па лёгкай атлетыцы, які стартуе ў Берасце, паведаміў БЕЛТА старшы трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы па Брэсцкай вобласці Аляксей Ясковіч. Сёлета спаборніцтвы пройдуць у тры дні, а навіна турніру ў тым, што каралева спорту пакіне межы стадыёна. Адной з гарадскіх лакацый стане пляцоўка на скрыжаванні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. Тут будуць усталяваны два сектары – для штурхачоў ядра і скакуноў у вышыню. Абсталяванне для гэтых сектараў, у тым ліку стандартныя бегавыя дарожкі, спецыяльна вязуць з Мінска. Для гледачоў будуць усталяваны трыбуны, і яны змогуць знаходзіцца вакол спаборніцкай зоны ў непасрэднай блізкасці ад спартоўцаў. У спаборніцтвах прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх абласцей і Мінска, а таксама спартоўцы з Расіі.
У МАК назвалі „малаверагоднымі” шанцы на ўдзел расіян і беларусаў у Алімпійскіх гульнях-2024
Былы кіраўнік Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА), чалец МАК Крэйг Рыдзі ацаніў магчымасць удзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы. „Цяпер, прыкладна за два гады да пачатку Алімпійскіх гульняў, узнікла праблема — пачынаецца кваліфікацыйны перыяд, афіцыйна ўсталяваны міжнароднымі федэрацыямі і МАК. Узнікае рэальная праблема для федэрацый, якія дзейнічаюць па дакладнай інструкцыі, што не будуць запрашаць расіян і беларусаў для ўдзелу ў сваіх мерапрыемствах”.
Таму, на першы погляд, малаверагодна, што нехта з іх зможа прайсці кваліфікацыю, акрамя як у трох відах спорту (веласпорт, дзюдо, тэніс), якія дзейнічалі інакш. І ці змогуць нават яны кваліфікавацца? Не ўпэўнены. Таксама, калі думаць пра спартсменаў з іншых краін, вельмі складана будзе сказаць ім на паўдарогі: „Усе вы, хто ўжо прайшоў кваліфікацыю, мы змянілі правілы”, — прыводзіць словы Рыдзі „Чэмпіянат”.
Беларускае Радыё Рацыя