Футбалісты менскага „Дынама” прабіліся ў 2-і раўнд кваліфікацыі Лігі канферэнцый



Футбалісты менскага „Дынама” прабіліся ў другі кваліфікацыйны раўнд Лігі канферэнцый. У паядынку ў адказ стартавага этапу падначаленыя Арцёма Чалядзінскага перамаглі ў Падгорыцы чарнагорскі клуб „Дэчыч” з лікам 2:1. На гол Аляксандра Сачыўкі на 26-й хвіліне адказаў Фатас Бечырай у пачатку другога тайма, а затым Душан Бакіч на 77-й хвіліне прынёс перамогу «дынамаўцам». На мінулым тыдні гэтыя супернікі таксама сустракаліся ў чарнагорскай сталіцы і разышліся мірам – 1:1.

Менчукі святкавалі першую перамогу ў еўракубках за амаль чатыры гады. Апошні раз да гэтага „Дынама” выйгравала на еўраарэне 9 жніўня 2018 года, калі „бела-блакітныя” ў Менску разграмілі „Зеніт” у Лізе Еўропы — 4:0. Наступным супернікам бронзавых прызёраў чэмпіянату Беларусі будзе ізраільскі „Хапаэль”.

Таксама з другога раўнда ў барацьбу ўступяць яшчэ два беларускія клубы. Віцэ-чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ 21 і 28 ліпеня сустрэнецца з турэцкім клубам „Каньяспор”, уладальнік Кубка „Гомель” у гэтыя ж дні будзе супернічаць з грэчаскім „Арысам”.

„Погань Шчэцін” і „Лехія” прайшлі ў другі кваліфікацыйны раўнд Лігі канферэнцый

У наступны этап кваліфікацыйныга раўнда Лігі канферэнцый  прайшлі „Погань Шчэцін” і „Лехія” Гданьск. «Погань» саступіла на выездзе клубу КР Рэйк’явік 0:1, але за кошт перамогі ў першым матчы 4:1 прайшла далей. «Лехія» Гданьск перамагла «Акадэмію» Пандзеў 2:1.  Нагадаем, у першым матчы польская дружына перамагла 5:1, таму ідзе далей.

Сарока падпісаў кантракт з „Арсеналам”

Галкіпер Арцём Сарока падпісаў кантракт з „Арсеналам”, паведамляе прэс-служба дзяржынскага клуба Брамнік з’яўляецца выхаванцам менскай СДЮШАР „Трактар”. У 2010-м годзе патрапіў у структуру барысаўскага БАТЭ. У 2014 годзе дэбютаваў у асноўным складзе барысаўчан у Кубку Беларусі. У сезоне 2014/15 дэбютаваў у Лізе Чэмпіёнаў, у матчы супраць „Атлетыка” з Більбаа.
2017 год правёў у арэндзе ў „Іслачы” і „Тарпеда-БелАЗ”, пасля чаго пакінуў БАТЭ. Далей у кар’еры футбаліста былі „Слуцк”, менскі „Луч”, „Дняпро-МЧЗ” з Магілёва і „Віцебск”, якія ён пакінуў падчас бягучага сезона. Мае ў актыве 11 матчаў за маладзёжную зборную Беларусі.

Матч БАТЭ і „Энергетыка”-БДУ ў рамках Кубка Беларусі перанесены на нявызначаны тэрмін

Паядынак 1/8 фіналу Кубка Беларусі паміж сталічным „Энергетыкам”-БДУ і БАТЭ перанесены.
Сустрэча павінна была адбыцца 31 ліпеня ў Менску на стадыёне САК „Алімпійскі”. Аднак з-за ўдзелу барысаўскага клуба ў Лізе канферэнцый матч перанесены на пазнейшы тэрмін, паведамляе football.by. Адзначым, што дзве каманды лідзіруюць у чэмпіянаце Беларусі пасля 14 тураў, барысаўчане з 29 ачкамі займаюць першае месца, калі ў „студэнтаў” на адно ачко менш.

У Берасці завяршыўся Кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы

На стадыёне абласнога спарткомплексу „Брэсцкі” завяршыўся адкрыты Кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы. Турнір стаў дзявятым этапам Беларускай лёгкаатлетычнай лігі, удзел у якім прынялі практычна ўсе мацнейшыя беларускія спартоўцы, а таксама прадстаўнікі Расеі. У трэці дзень турніру былі разыграны 12 камплектаў узнагарод, пераможцамі Кубка краіны сталі наступныя лёгкаатлеты:
у бегу на 3000 м: Сяргей Краўчэня і Карына Тамашук;
на 800 м: Ілля Карнавухаў і Вольга Немагай;
на 400 м з бар’ерамі: Ягор Хаўратовіч і Кацярына Белановіч;
на 200 м: Максім Грабарэнка і Эльвіра Герман;
у трайным скачку перамагла Віялета Скварцова;
а ў скачках у даўжыню  Арцём Гурын.
У жаночай эстафеце 4х400 м лепшы час паказалі дзяўчаты з Менска, у гэтым жа відзе праграмы ў мужчын мацнейшымі таксама сталі прадстаўнікі сталіцы. У агульным заліку Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы перамагла каманда Берасцейскай вобласці, другую суму набралі спартоўцы Магілёўшчыны, зборная Гарадзенскай вобласці заняла трэцяе месца.

Бохан перайшоў са СКА ў бухарэсцкае „Дынама”.

Беларускі лінейны Вячаслаў Бохан падпісаў трохгадовы кантракт з бухарэсцкім „Дынама”.
Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Мінулы сезон ён заканчваў у менскім СКА, з якога ў 2020 годзе перайшоў у запарожскі „Матор”.
Прэс-служба „Дынама” адзначае, што Бохан быў цікавы шэрагу еўрапейскіх топ-клубаў, але гулец палічыў за лепшае гуляць пад кіраўніцтвам Хаўера Паскуаля. Заробак беларуса ў „Дынама” складзе 10 тысяч еўра ў месяц.

Каралёк выйграў індывідуальную гонку на „Туры Беларусі”

У Берасцейскай вобласці працягваецца міжнародная шашэйная велагонка „Тур Беларусі”. На другім этапе велашматдзёнкі спартсменаў чакала гонка з раздзельным стартам на 40 км. Хутчэй за ўсіх з дыстанцыяй справіўся гарадзенец Яўген Каралёк, які паказаў вынік 49 хвілін 55 секунд. Другое месца заняў яшчэ адзін прадстаўнік Гарадзеншчыны Марк Грынкевіч, які саступіў пераможцу 19 секунд. Трэці час дня паказаў Яўген Собаль з Берасцейскай вобласці.
Дзякуючы гэтаму поспеху Каралёк умацаваў лідарства ў агульным заліку „Тура Беларусі”.

Беларускае Радыё Рацыя