Ліга чэмпіёнаў. Кіеўскае „Дынама” і „Фенербахчэ” мячоў не забілі
Кіеўскае „Дынама” і турэцкі „Фенербахчэ” згулялі ўнічыю 0:0 у першым матчы 2-га кваліфікацыйнага раунда Лігі чэмпіёнаў. З-за ваенных дзеянняў Расеі ва Украіне сустрэча прайшла на стадыёне „Мейскі” ў польскім горадзе Лодзь. Перад гульнёй УЕФА дазволіў уключыць гімн Украіны, хаця перад матчамі Лігі чэмпіёнаў можа гучаць толькі афіцыйны гімн турніру. Але нават гімн Лігі чэмпіёнаў уключаецца толькі на перадгрупавай стадыі плэй-оф. На ранніх этапах кваліфікацыі кампазіцыя перад стартавым свістком не грае.
У іншых матчах „Слован” вырваў перамогу ў матчы з „Ферэнцварашам” 2:1. „Макабі” з Хайфы і „Алімпіякас” абмяняліся галамі — 1:1. „Марыбор”, які выбіў салігорскі „Шахцёр”, не змог перамагчы „Шэрыф” — 0:0. Чэшская „Вікторыя” ў гасцях перамагла фінскі ХІК — 2:1.
Роберт Левандоўскі афіцыйна прадстаўлены як гулец „Барселоны”
„Барселона” прадставіла Роберта Левандоўскага ў якасці новага футбаліста каманды. Здарылася гэта ў Маямі, дзе „блаўграна” рыхтуецца да сезону. Вядучым цырымоніі стаў прэзідэнт каталонцаў Жаан Лапорта. Нягледзячы на цяжкую спякоту, польскі форвард моцна ўсміхаўся і сказаў некалькі прывітальных слоў для „кулес”.
„Хачу стварыць новую гісторыю і выйграць тытулы. Я бамбардзір і разумею, што ад мяне чакаюць, што буду забіваць галы і дапамагаць камандзе„, – цытуе польскага форварда sport.es.
Зінчанка падпісаў з „Арсеналам”
Абаронца «Манчэстэр Сіці» Аляксандр Зінчанка заключыў пагадненне з «Арсеналам». Як інфармуе журналіст Фабрыцыа Рамана, украінец ужо падпісаў кантракт, разлічаны да 2026 года. Раней паведамлялася, што «гараджане» атрымаюць 30 мільёнаў фунтаў у якасці кампенсацыі. Зінчанка выступаў за «Ман Сіці» з сезона-2017/18.
Арцём Гурэнка пакінуў «Белшыну»
Як паведамляе прэс-служба „Белшыны”, паўабаронца каманды Арцём Гурэнка пакінуў клуб. Гурэнка перайшоў у стан бабруйчан у пачатку красавіка. Ён згуляў 14 матчаў у гэтым сезоне вышэйшай лігі, у якіх вызначыўся 6 галявымі перадачамі. Гурэнка таксама прызнаваўся лепшым гульцом 12-га тура чэмпіянату Беларусі.
Жаночы EURO. Англія выйшла ў паўфінал
На жаночым чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць гэтымі днямі ў Англіі, гаспадары турніру сталі першым паўфіналістам, адолеўшы ў дадатковы час Іспанію – 2:1 дзякуючы голу Стэнвэй на 96-й хвіліне матчу.
У паўфінале англічанкі сустрэнуцца з пераможцам пары Швецыя – Бельгія. У іншых чвэрцьфіналах сустрэнуцца Германія – Аўстрыя і Францыя – Нідэрланды.
Мікульскі вярнуўся ў „Цмокi-Менск”
Лепшы нападнік 30-га чэмпіянату Беларусі па баскетболе Уладзіслаў Мікульскі вярнуўся ў БК „Цмокi-Мінск”. Раней ён выступаў за маладзёжны склад сталічных „драконаў”, акрамя таго, гуляў за мінскі „Імпульс-БДУІР”, а таксама за латвійскі „Вентспілс”. У мінулым сезоне 22-гадовы Уладзіслаў Мікульскі ў складзе магілёўскага „Барысфена” стаў сярэбраным прызёрам нацыянальнага першынства і быў прызнаны лепшым форвардам турніру. Таксама ў новым сезоне выступы ў складзе чэмпіёнаў Беларусі працягнеуць 24-гадовы абаронца Максім Карацоў і 22-гадовы цэнтравы Вадзім Стубеда, якія ў мінулым сезоне разам з партнёрамі з клуба „Цмокi-Мінск” заваявалі залатыя медалі.
Беларускае Радыё Рацыя