Міколу Аўтуховіча трэці дзень запар не прывялі на судовае паседжанне
Міколу Аўтуховіча трэці дзень запар не прывялі на судовае паседжанне. У якім стане зняволены ваўкавыскі прадпрымальнік, невядома.

22 дні таму ён пачаў сухую галадоўку. Мікола Аўтуховіч не перадаваў ніякім чынам інфармацыю пра тое, ці пачаў піць і есці. Паводле ягоных заяваў, ён не спыніць галадаванне, пакуль яму не пачнуць аддаваць лісты ад маці і іншых людзей.
Суд у «справе Аўтуховіча» пачаўся 18 траўня. Працэс вядзе суддзя Гарадзенскага абласнога суду Максім Філатаў. Былога прадпрымальніка і грамадскага актывіста Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Разам з ім судзяць яшчэ 12 чалавек, якіх у дзяржСМІ і афіцыйных рэлізах называлі «групай Аўтуховіча». Гэта Сяргей, Любоў і Павел Разанавічы, Галіна Дзербыш, Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава, Ірына Гарачкіна, Артур Папок, Віктар Снягур, Павел Сава, Ірына і Антон Мельхеры. Ім ставяць у віну розныя склады злачынстваў.
Праваабаронцы прызналі восем з іх палітвязнямі. Аўтуховіч у гэты лік не ўваходзіць.
Беларускае Радыё Рацыя