Канадскі хакеіст Нік Мерклі папоўніў склад менскага „Дынама”



Хакейнае менскае „Дынама” аб’явіла пра падпісанне аднагадовага кантракта з канадскім нападнікам Нікам Мёрклі.

Большую частку мінулага сезона 25-гадовы форвард адыграў у Амерыканскай хакейнай лізе. У складзе „Сан-Хасэ” і „Хартфарда” Мерклі выходзіў на лёд у 59 матчах, у якіх набраў 46 (16+30) ачкоў. Таксама Нік правёў 9 паядынкаў у НХЛ за „Сан-Хасэ Шаркс”, дзе вызначыўся трыма дзейснымі баламі. Усяго на рахунку канадца 41 гульня ў галоўнай лізе планеты, акрамя „акул” нападнік выступаў за „Арызону” і „Нью-Джэрсі”, дзе быў партнёрам беларуса Ягора Шаранговіча.

Нік Мёрклі з’яўляецца чэмпіёнам Заходняй хакейнай лігі, пераможцам „Кубка Глінкі / Грэцкі” ў складзе юніёрскай зборнай Канады, а таксама ўдзельнікам матча ўсіх зорак АХЛ сезона-2017/18.

Павел Савіцкі ўвайшоў у топ-8 найлепшых бамбардзіраў у гісторыі Кубка Беларусі

Хаўбек „Нёмана” Павел Савіцкі ўвайшоў у топ-8 найлепшых бамбардзіраў за ўсю гісторыю розыгрышу Кубка Беларусі.

Паўабаронца вызначыўся ў матчы 1/8 фіналу з „Арсеналам”, які гарадзенцы выйгралі 2:1, на яго рахунку стала 23 галы ў 40 гульнях. Лідар у рэйтынгу Валерый Стрыпейкіс, у якога 37 забітых мячоў у 58 матчах. Як і Савіцкі, 23 мячы забіў Дзмітрый Асіпенка.

Максім Валадзько пакінуў БАТЭ

Вопытны абаронца Максім Валадзько пакінуў барысаўсеі БАТЭ. Кантракт спынены па пагадненню бакоў.
„Максім Валадзько з’явіўся ў БАТЭ ў юным узросце, што дае ўсе падставы лічыць яго клубным выхаванцам. Уваходзіць у групу самых маладых дэбютантаў „жоўта-сініх”, а заадно самых вопытных  і тытулаваных футбалістаў. Разам з БАТЭ Максім двойчы прабіваўся ў асноўную сетку Лігі чэмпіёнаў і выступаў у яе групавых турнірах, двойчы ўдзельнічаў у групавых турнірах Лігі Еўропы. Валадзько — сяміразовы чэмпіён Беларусі, двухразовы ўладальнік Кубка краіны, пяціразовы ўладальнік Суперкубка. Чатыры разы ўключаўся ў спіс 22 лепшых футбалістаў чэмпіянату. Будучы гульцом БАТЭ, спачатку стаў футбалістам маладзёжнай зборнай Беларусі, а затым і нацыянальнай каманды, за якія правёў 25 і 33 паядынкі адпаведна. У суме за ўсе гады ў БАТЭ  у Макса 248 афіцыйных матчаў (159 з іх пераможных), 14 галоў і 31 выніковая перадача. ФК БАТЭ дзякуе Максіму Валадзько за значны ўклад у дасягненні  клуба і жадае яму поспехаў у далейшай кар’еры!” — гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта БАТЭ.

Былы хаўбек „Руху” Кірыл Гоманаў падпісаў кантракт з „Іслаччу”

„Іслач” падпісала двухгадовы кантракт з былым хаўбекам берасцейскага „Руху” Кірылам Гоманавым. Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба.

Гоманаў нарадзіўся ў Віцебску ў 2005 годзе. Футболам пачынаў займацца ў родным горадзе. У 13 гадоў гулец перабраўся ў акадэмію берасцейскага „Дынама”. Профільная пазіцыя – цэнтральны атакавальны паўабаронца. У студзені 2021 года Кірыл перайшоў у структуру „Руху”, а ўжо праз год заключыў першы прафесійны кантракт. Летась разам з аднаклубнікамі стаў чэмпіёнам першай лігі сярод юнакоў, а па выніках мінулага сезона дапамог заваяваць бронзавыя медалі вышэйшай лігі ў юнацкім першынстве.

„Тэрмаліка” прайграла „Тыхе”, Паўлючэнка прапусціў два галы

У матчы чэмпіянату Польшчы ў першай лізе „Тэрмаліка” на хатняй арэне саступіла „Тыхе” з лікам 0:2. Беларускі галкіпер гаспадароў поля Павел Паўлючэнка адыграў увесь матч.

Гульцы англійскай прэм’ер-лігі перастануць схіляць калена перад матчамі

Клубы англійскай прэм’ер-лігі не будуць схіляць калена перад матчамі турніру ў рамках руху Black Lives Matter. Пра гэта паведаміў Mail Plus.

Па інфармацыі крыніцы, футбалісты не плануюць далей праводзіць акцыю з-за таго, што жэст страціў сваю значнасць.

З 2020 года перад пачаткам шматлікіх спартовых мерапрыемстваў некаторыя спартоўцы схіляюць калена, падтрымліваючы рух Black Lives Matter. Гэтая акцыя ўзнікла пасля смерці афраамерыканца Джорджа Флойда ў Мінеапалісе. У траўні 2020-га пры яго затрыманні паліцэйскі Дэрэк Шавін ужыў задушлівы прыём, пасля якога Флойд памёр у шпіталі. Гэты інцыдэнт выклікаў хвалю маштабных пратэстаў.

Перад Еўра-2020 частка зборных адмовілася ад пакланення калена перад матчамі турніру.

Івашка пачне выступы на турніры АТП у Вашынгтоне з гульні супраць 54-й ракеткі свету

Першая ракетка Беларусі Ілля Івашка  выступіць на турніры АТП у Вашынгтоне з прызавым фондам  больш за 1 мільён 953 000 даляраў. У стартавым паядынку ён згуляе з 54-й ракеткай планеты амерыканцам Себасцьянам Кордам. Сустрэча пачнецца сёння а 21-й гадзіне па беларускім часе.

Беларускае Радыё Рацыя