У Гародні судзяць пенсіянера за заклікі да пратэсту
У судзе Ленінскага суда Гародні 2 жніўня пачаўся разгляд справы 70-гадовага пенсіянера з Нясвіжа Васіля Дземідовіча, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Дземідовіча абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
- абраза прадстаўніка ўлады
- абраза суддзі альбо народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя
- публічная абраза прэзідэнта
- падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасьці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады).
Справу разглядае судзьдзя Юры Казакевіч.
Паводле следства, 70-гадовы Дземідовіч з верасня 2021-га па студзень 2022 года размяшчаў у Telegram-каналах паведамленні з абразамі прадстаўнікоў улады, у тым ліку вышэйшых службовых асоб. Таксама ён нібыта выказваў пагрозы прымяненнем гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўнай і судовай сістэм, пры гэтым публічна іх зневажаючы. Следчыя зафіксавалі каля 60 такіх фактаў.
Як паведамляюць праваабаронцы – Васіля Дземідовіча ўжо каралі за ўдзел у акцыях пратэсту.