Міхайлаў падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера БАТЭ
Як паведамляе прэс-служба БАТЭ, Аляксандр Міхайлаў падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера барысаўчан.

Сёння спецыяліст правёў апошнюю трэніроўку з асноўнай камандай. Пасля яе Міхайлаў аб’явіў футбалістам і кіраўніцтву клуба аб сваім рашэнні. Пры гэтым трэнер застанецца ў структуры клуба і будзе працаваць у дублюючым складзе. Падрыхтоўкай клуба да гульні 18 тура чэмпіянату Беларусі супраць магілёўскага „Дняпра” зоймецца старшы трэнер Сяргей Зяневіч.
Крышціяну Раналду можа прадоўжыць кар’еру ў дортмундскай „Барусіі” або вярнуцца ў „Спортынг”
У нападніка „Манчэстэр Юнайтэд” Крышціяну Раналду засталося два варыянты для працягу кар’еры, сцвярджае AS. Па дадзеных крыніцы, 37-гадовы партугалец усё яшчэ хоча выступаць у Лізе чэмпіёнаў, у якую „МЮ” не патрапіў. Першым варыянтам для форварда з’яўляецца дортмундская „Барусія”, якая ўжо кантактавала з агентам Раналду. Другі варыянт — вяртанне ў лісабонскі „Спортынг”, у якім ён пачынаў прафесійную кар’еру. Пры гэтым партугальскаму клубу трэба вырашыць пытанне з вялікім заробкам Крышціяну.
Левы крайні „Гомеля” Эдуард Яраш перайшоў у „Мяшкоў Берасце”
22-гадовы левы крайні „Гомеля” Эдуард Яраш перайшоў у „Мяшкоў Берасце”, паведамляе прэс-служба клуба з горада над Сожам. Назад, з Берасця ў Гомель, пяройдзе левы крайні Ілля Тамашук. Берасцейскі выхаванец згуляў за асноўную каманду 68 матчаў, у якіх закінуў 74 мячы.
Эма Радукану разграміла Серэну Уільямс і выйшла на Вікторыю Азаранку
На турніры серыі ВТА-1000 у Цынцынаці (ЗША) адбыўся матч першага круга, у якім сышліся 40-гадовая амерыканка Серэна Уільямс (612-ы нумар рэйтынгу) і 19-гадовая прадстаўніца Вялікабрытаніі Эма Радукану (13). Сустрэча завяршылася перамогай Радукану ў двух сэтах – 6:4, 6:0. Наступнай саперніцай брытанкі ў Цынцынаці стане беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка.
Яшчэ адна беларуска Арына Сабаленка (7 ВТА) у другім крузе згуляе з расейкай Анастасіяй Калінскай (69) на гэтым жа турніры. У 1/32 фіналу Калінская перамагла італьянку Марціну Трэвізан (26) — 7:6 (2), 7:5. Сабаленка першы круг прапускала.
Беларускае Радыё Рацыя