Міхаіл Чарняўскі стаў гульцом польскай „Любані”



20-гадовы абаронца Міхаіл Чарняўскі днямі папоўніў шэрагі каманды з вёскі Маневы, якая размяшчаецца недалёка ад Кракава. „Любань” прадстаўляе польскі Д5.

Фота: football.by

Што ж тычыцца беларуса, то ён быў гульцом дублюючага складу магіляўчан і „Дняпра-Юні”, а таксама асновы „Дняпра”, якая восенню 2020-га стала пераможцам другой лігі, паведамляе football.by.

Віталь Жук выйграў спаборніцтвы сярод дзесяціборцаў на чэмпіянаце Беларусі

На стадыёне „Дынама” 19 жніўня праходзіць заключны з трох дзён спаборніцтваў чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы. Вызначыліся ўладальнікі медалёў у турніры ў мужчын-дзесяціборцаў. Залаты медаль заваяваў Віталь Жук. Яго выніковая сума балаў склала 8089.

У жанчын у скачках у даўжыню перамагла Анастасія Мірончык-Іванова. У найлепшай спробе яна паляцела на 6 метраў 40 сантыметраў. Цікава, што гэта толькі 134-ы вынік сусветнага сезону.

Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ВТА-1000 у Цынцынаці

Арына Сабаленка (7-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/8 фіналу турніру ВТА-1000 у амерыканскім Цынцынаці. У 1/16 фіналу беларуска перайграла расейку Ганну Калінскую (69 ВТА) — 6:3, 4:1, адмова.

Вікторыя Азаранка і прадстаўніца Туніса Онс Жабер выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду турніру ВТА-1000 у Цынцынаці. Інтэрнацыянальны дуэт перайграў пару з Кітая Сюй І Фань / Чжао Сю Ань – 7:5, 6:2.

„Менск” выйграў у «Славацка” ў кваліфікацыі жаночай Лігі Чэмпіёнаў

У першым матчы першага кваліфікацыйнага раунда жаночай Лігі чэмпіёнаў беларуская каманда „Менск” перамагла „Славацку” з Чэхіі — 2:1.

У яшчэ адным матчы кваліфікацыі менскае „Дынама”- БДУФК разграміла балгарскі „Лакаматыў” са Стара-Загоры — 5:0

Мэмфіс Дэпай пяройдзе ў „Ювентус” бясплатна

Мэмфіс Дэпай стаў бліжэй да пераходу ў „Ювентус” з „Барселоны”. 28-гадовы форвард зборнай Нідэрландаў скасуе кантракт з каталонцамі і пераедзе ў Італію ў статусе свабоднага агента. „Юве” адмовіцца ад часткі бонусаў, якія належаць клубу за выступы паўабаронцы Міралема П’яніча ў складзе „Барсы”. Дэпай і „Ювентус” пакуль не дасягнулі поўнай дамоўленасці аб кантракце, хоць раней паведамлялася аб двухгадовай дамове і зарплаце 6 млн еўра ў год.

Беларускае Радыё Рацыя