Яўген Мурашка: Беларусь сёння ў закладніках
Украінскія СМІ паведамляюць пра тое, што магчымы паўтор уварвання расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Нібыта беларускія наёмнікі, якіх набралася каля 13 тысяч, возьмуць удзел у чарговым уварванні разам з войскамі агрэсара.

„Госць Рацыі” старшыня Звязу беларусаў Нямеччыны Яўген Мурашка.
РР: Вы, як гамяльчук, добра ведаеце ваколіцы Зябраўкі. Што яна сабой уяўляе?
– Зябраўка – гэта расейскі аэрадром. Раней беларусы працавалі ў сферы абслугоўвання, але цяпер, калі пачалася гарачая фаза вайны, пасля з’яўленне расейскай авіяцыі на аэрадроме Зябраўка, яна стала чыста расейскім аб’ектам. Цяпер вакол Зябраўкі паставілі блок-пасты, цывільнае насельніцтва туды не дапускаецца, там зрабілі акупацыйную вайсковую базу. На мой погляд, тое што адбылося, стала магчымым дзякуючы таму, што ва ўкраінскім войску з’явілася высокадакладная зброя, якая дазваляе біць кропкава. Ва ўмовах калі Беларусь акупаваная, то вайсковая база становіцца натуральным аб’ектам для ўкраінскай арміі. Нельга дапусціць, каб беспакарана ляцелі ракеты і знішчалі мірнае ўкраінскае насельніцтва. Я б раіў працягваць такую практыку, каб адбіць ахвоту ў расейскіх акупантаў выкарыстоўваць нашу зямлю для такіх злачынных дзеянняў.
РР: Ці магчыма, што войскі РФ самі маглі ажыццявіць дыверсію?
– Усё магчыма, але тым не менш яны ствараюць прэцэдэнт. Некаторыя кіраўнікі дзяржаў лічаць, што наяўнасць нейкай звышмоцнай зброі дае гарантыю бяспекі, як раз наадварот. Наяўнасць расейскага аэрадрому з’яўляецца не гарантыяй бяспекі, а магчымасцю правакаваць. З’яўленне такой зброі ставіць пад пагрозу ўдару з боку любой дзяржавы, на якую будзе накіравана гэта зброя. Лукашэнка просіць „Іскандэры”, якія ляцяць на 500 кіламетраў і больш. Еўропа ці Украіна абавязкова скіруюць сваю зброю на гэты аб’ект, таму расейкая база нясе небяспеку. Яна становіцца аб’ектам удару для любой краіны, для якой яна ўяўляе пагрозу. Пратэстны патэнцыял Беларусі знішчаны, таму няма каму падняцца і ісці блакаваць гэтыя расейскія базы. Калі хтосьці задзейнічаны ў сацыяльнай сферы ці ў абслузе гэтых вайсковых аб’ектаў, то варта прыпыніць супрацоўніцтва. Людзі, якія там жывуць павінны мець на ўвазе, што наяўнасць расейскіх вайскоўцаў нясе непасрэдную пагрозу ім самім.
Беларускае Радыё Рацыя
Array