Вайна ва Украіне: паўсотні HIMARS могуць цалкам змяніць ход вайны



181-ы дзень вайны. Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны ў твітары заклікаў даць УСУ 50 рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS.

«Цана адной сістэмы HIMARS — $4 млн. Цана 50 сістэм — 200 млн даляраў плюс боепрыпасы. Цана дасягнення парытэту агню і эфектыўнага разбурэння лагістыкі [расейскай] арміі меншая, чым … адной яхты расейскага алігарха, — піша Падаляк. — Гэта дакладна не «ўсе грошы свету», але гэта тое, што цалкам памяняла б ход гэтай вайны».

Па звестках на пачатак жніўня, ЗША далі Украіне 16 сістэм HIMARS, якія абстрэльваюць склады боепрыпасаў і вайсковыя аб’екты ў глыбокім тыле расейскіх войскаў. Яшчэ некалькі падобных сістэм далі Кіеву Вялікабрытанія і Нямеччына.

Тым часам, брытанская выведка паведаміла, што Расея ў мінулыя выходныя пачала перакідваць баржы для будаўніцтва моцнага наплаўнога моста цераз раку Дняпро, побач з пашкоджаным напярэдадні ўкраінскім войскам Антонаўскім мостам. Гэтая пераправа з’яўляецца ключавой паміж акупаваным Расеяй Херсонам і ўсходам. «Калі Расея дабудуе імправізаваны мост, гэта, напэўна, павялічыць прапускную здольнасць пункту пропуску ў параўнанні з паромнай пераправай», — мяркуюць брытанскія выведнікі. 

Нагадаем, сёння ва Украіне адзначаюць Дзень Дзяржаўнага сцяга. Упершыню за гады незалежнасці ўсе святочныя мерапрыемствы скасаваныя. Але ў большасці гарадоў на галоўных плошчах адбылося ўрачыстае ўзняцце дзяржаўнага штандара.

Беларускае Радыё Рацыя

Array