Агляд прэсы: „Ще не вмерла Україна”



Украіна святкуе Дзень Незалежнасці, Паліцыя Латвіі паведаміла пра 14 затрыманых ля помніка Вызваліцелям Рыгі,  Канада і Германія маюць намер да 2025 года стварыць альянс па экспарту вадароднага паліва, –  падрабязнасці ў аглядзе сусветнай прэсы ад Антона Разумоўскага.

Сёння ўкраінцы святкуюць незалежнасць у 182-і дзень вайны з Расеяй Уладзімера Пуціна, які праз злачынствы і агрэсію хоча адрадзіць савецкую імпэрыю, піша „Gazeta Wyborcza”. Дзень незалежнасці Украіны адзначаецца штогод 24 жніўня, у гадавіну прыняцця Вярхоўнай Радай УССР 24 жніўня 1991 года Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Украіны – палітыка-прававога дакумента, які пацвярджае новы статус Украінскай дзяржавы . Польшча была першай краінай у свеце, якая прызнала незалежнасць Украіны. Канада была другой, а далей Літва і Латвія прызналі незалежнасць Украіны. Напярэдадні ва ўкраінскую сталіцу прыехаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на запрашэнне прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Тэмы іх перамоў — вайсковая, эканамічная, гуманітарная і палітычная падтрымка Ўкраіны, паведаміў кіраўнік кабінету прэзідэнта Павел Шрот. З яго слоў падрабязнасці сустрэч у мэтах бяспекі будуць раскрыты пасля вяртання прэзідэнта з Украіны. На пытанне журналістаў, ці не баіцца ён заставацца ў Кіеве, якому пагражаюць расейскія ракетныя ўдары, Анджэй Дуда адказаў, што сваёй прысутнасцю ў гэтым горадзе паказвае свету, што Украіна свабодная, суверэнная, незалежная і змагаецца з расейскай агрэсіяй, жадаючы аднавіць справядлівасць і мір. Анджэй Дуда заявіў, што Украіна і ўкраінцы могуць разлічваць на Польшчу і паляка, а ён верыць, што Украіна не толькі абароніць сябе, але і пераможа, верне сабе ўсе землі і адбудуецца». Ён выказаў захапленне і павагу ўкраінскаму народу «за незвычайны гераізм, з якім ён абараняе сваю радзіму» і запэўніў украінцаў у моцнай падтрымцы з боку Польшчы. Аўторкавы візіт у Кіеў – сёлета пятая сустрэча прэзідэнтаў абедзвюх краін і трэцяя з моманту ўварвання Расіі ва Украіну. Папярэднія праходзілі ў траўні і лютым у Кіеве і ў студзені ў Польшчы.

Паліцыя Латвіі паведаміла аб 14 затрыманых ля помніка Вызваліцелям Рыгі ў парку Перамогі, піша Latvijas Avīze. Пра гэта гаворыцца на сайце сталічнай паліцыі. Работы па дэмантажы помніка Вызваліцелям Рыгі пачаліся 23 жніўня. Падчас падрыхтоўкі да зносу паліцыя затрымала не менш як шэсць чалавек з паўсотні пратэстоўцаў. Да вечара ўлады знеслі ўсе тры скульптуры савецкіх салдат. Раней мэр Рыгі Марціньш Стакіс заявіў, што помнік пасля зносу будзе знішчаны, таму што Музей акупацыі не прызнаў ніводную з яго частак мастацкай каштоўнасцю. Парламент Латвіі раней спыніў дзеянне пункта міжурадавага пагаднення з Расіяй аб ахове помнікаў савецкім воінам, што дае магчымасць дэмантаваць манумент. Заканадаўчы орган дазволіў яго знесці пасля таго, як за гэтае рашэнне прагаласавалі прадстаўнікі Рыжскай думы.

Канада і Германія маюць намер стварыць альянс па экспарту вадароднага паліва, піша нямецкае выданне Die Welt. Урады Германіі і Канады падпісалі дэкларацыю аб намерах стварыць альянс па экспарту ў ФРГ вадароднага паліва да 2025 года. Канадскі прэм’ер Джасцін Трудо адзначыў, што Атава з’яўляецца надзейным пастаўшчыком чыстай энергіі. Канада і Германія заяўляюць, што новы вадародны пакт дасць пачатак трансатлантычнаму ланцужку паставак вадароду, а першыя пастаўкі чакаюцца праз тры гады. Міністр прыродных рэсурсаў Джонатан Уілкінсан і віцэ-канцлер Германіі Роберт Хабэк падпісалі пагадненне ў партовым горадзе Стывенвіль, штат Нідэрланды, дзе яны прынялі ўдзел у выставе вадароду разам з прэм’ер-міністрам Джасцінам Трудо і канцлерам Олафам Шольцам. Канада ў значнай ступені нясе адказнасць за нарошчванне вытворчасці вадароду, а Германія ў асноўным будзе сканцэнтравана на марскім калідоры для яго транспарціроўкі праз Атлантыку. Германія імкнецца да доўгатэрміновай замены выкапнёвага паліва як для выканання сваіх кліматычных абавязацельстваў, так і для спынення сваёй энергетычнай залежнасці ад Расіі. Шольц сказаў, што ёсць планы па нарошчванні вытворчых магутнасцяў, але большасць патрэб Германіі ў вадародзе прыйдзецца пакрываць за кошт імпарту. Нават імпарту звадкаванага газу з іншых краін, акрамя Расеі, будзе недастаткова, лічыць ён. Міністр прыродных рэсурсаў Джонатан Уілкінсан сказаў у інтэрв’ю, што, несумненна, гэта пагадненне адбываецца з-за Пуціна і ўварвання ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя

Array