Агляд прэсы: першыя рахункі калапсу



У Беларусі закрываюць літоўскую школу. Што чакае рэжым Пуціна ва ўмовах перамогі Украіны? ЕЗ пагражае прыпыніць выплаты Венгрыі. Еўрапрайд як лакмусавая папера рэжыму Сербіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларускія ўлады не дазволілі аднавіць навучанне ў літоўскай школе ў Пелясе.
Раней у гэтым годзе супрацоўнікі службы пажарнай бяспекі нібыта выявілі парушэнні ў школе і прыпынілі яе дзейнасць»,
– паведамляе літоўскае выданне lrt.lt.

«Калі былі агучаны дадатковыя патрабаванні супрацьпажарнай бяспекі, дырэктар з імі не пагадзіўся, і пачаліся судовыя разборы. Але было вельмі ясна дадзена зразумець, што як бы ні скончыўся судовы працэс, дазвол не будзе выдадзены. Каля 120 дзяцей вучыліся ў гэтай школе, але цяпер іх бацькі перавялі іх ў іншыя школы. Настаўнікам выплацілі выхадную дапамогу, але адміністрацыя па-ранейшаму працуе сёння, каб вырашыць адміністрацыйныя пытанні. Паколькі Літва фінансавала будаўніцтва школы, цяпер вядуцца перамовы з МЗС пра тое, як вярнуць маёмасць школы. У іншай літоўскай школе ў Беларусі, у Рымдзюнах, вучыцца каля 90 дзяцей. Аднак навучанне яны атрымліваюць па-беларуску, а не па-літоўску. У Рымдзюнах засталіся два настаўнікі, якім далі магчымасць выкладаць літоўскую мову падчас нефармальных заняткаў. У панядзелак у Вільні прайшла акцыя пратэсту супраць рашэння менскага рэжыму закрыць школы ў краіне і абмежаваць магчымасць выкладання ў школах на мовах нацменшасцяў», – паведамляе літоўскае выданне.

Паспяховы наступ ВСУ пад Харкавам можа стаць паваротным момантам у хадзе вайны. У той час як Зяленскі аб’яўляе пра тое, што наперадзе – вызваленне акупаваных тэрыторый, Пуцін сігналізуе аб гатоўнасці да перамоваў. У выніку няўдач расейскага войска ён апынуўся ў вельмі няпростай сітуацыі. Прэса разважае пра тое, да чаго ўсё гэта прывядзе: да хуткага завяршэння вайны ці, наадварот, да далейшай эскалацыі. «Пуцін яшчэ ніколі не быў такі слабы», – піша ірландская газета The Irish Times.

«Пуціну зараз трэба быць напагатове. Пакуль ён быў моцны, ён мог дазволіць сабе памыляцца ў адносінах да Украіны. Цяпер жа высветлілася, што ён пралічыўся, і што ён слабы. Яго бессэнсоўная вайна бумерангам вярнулася да яго самога і стала для яго вайной экзістэнцыйнай. Ультраправыя расейскія нацыяналісты заклікаюць да ўзмацнення жорсткасці вайны супраць Украіны і да поўнай мабілізацыі насельніцтва. Расейскім алігархам і дыпламатам вядома: для таго каб выжыць, неабходна маўчаць, але, здаецца, яны адчайна хацелі б, каб сітуацыя змянілася. І адбыцца гэта можа раптоўна. У Савецкім Саюзе ўсё здавалася непарушным, пакуль ён раптам раптоўна не адышоў у нябыт. Тое ж самае можа здарыцца і з пуцінізмам», – прагназуе ірландскае выданне.

Еўракамісія прыгразіла адмовіць Венгрыі ў выдзяленні 7,5 млрд эўра з бюджэту ЕЗ, калі да лістапада краіна не дасць сведчанняў аб паляпшэнні сітуацыі з вяршэнствам права. Пры гэтым у Бруселі, як відаць, мяркуюць, што Будапешт ужо пайшоў на саступкі пасля таго, як прэм’ер-міністр Орбан аб’явіў, што створыць ведамства па барацьбе з карупцыяй. Ці працягне Еўракамісія свой жорсткі курс? Венгерскі партал 24.hu выказвае свой скепсіс адносна абяцанняў Будапешта.

«Самае смешнае ў «прававой дзяржаве» Венгрыя – гэта тое, што ў краіне ўжо існуе мноства органаў, у задачу якіх уваходзіць кантроль над дзеяннямі ўрада. Праблема ж заключаецца ў тым, што ўрад партыі Фідэс задушыў усе гэтыя ведамствы да такой ступені, што зараз ніводнае з іх не з’яўляецца па факце незалежным. Еўракамісіі спатрэбяцца гарантыі, але, здаецца, пакуль што, яна гатова прымаць на веру абяцанні ўрада. Гэты факт таксама можа азначаць, што Брусель будзе чакаць і назіраць за тым, як будуць выконвацца гэтыя абяцанні, і толькі потым вырашаць, спыняць санкцыйны працэс супраць Венгрыі ці наадварот – працягнуць яго», – падкрэслівае венгерскае выданне.

У суботу ў Бялградзе прайшоў штогадовы еўрапрайд. Раней парад быў забаронены МУС Сербіі. Пасля таго як у справу ўмяшаліся прадстаўнікі ЕЗ, была дасягнута дамоўленасць аб скарочаным маршруце парада. Аглядальнікі заклапочаныя тым, якую ролю ў тым, што адбываецца, адыграў прэзідэнт Сербіі Вучыч. «Вучыч дзейнічае па накатанай», – піша харвацкая газета Jutarnji list.

«Спачатку ён катэгарычна забараняе эўрапрайд, потым забарону пацвярджае і міністэрства ўнутраных спраў, але так, што незразумела, забаранілі толькі маршрут руху ці ж сам парад. Потым адміністрацыйны суд адхіляе апеляцыю арганізатараў эўрапрайду, пасля чаго юрыст, які прадстаўляе інтарэсы ўрада, заяўляе, што эўрапрайд усё ж адбудзецца. А ў выніку аказваецца, што гэта і не парад зусім, а «канцэрт у суправаджэнне». Калі Брусель праглыне падобны сцэнар, то значыць, ён прымае за праўду і танныя венесуэльскія мыльныя оперы. У Сербіі Вучыч кіруе ўсім: паліцыя, дзяржава, дзяржустановы – тут існуюць не для абароны бяспекі грамадзян і іх правоў, а выключна для таго, каб дбаць пра дабро рэжыму» – рэзюмуе харвацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array