Сталі вядомыя падрабязнасці судовых спрэчак, якія адбыліся 20 верасня на судзе над Ксеніяй Луцкінай



Эксжурналістку БТ судзяць за тое, што ўвайшла ў Каардынацыйную Раду і „ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і процідзеяння дзяржаўным СМІ”, піша газета „СБ. Беларусь сегодня”. Абвінавачанне закідае Луцкінай тое, што яна рыхтавала заявы і звароты ад імя Каардынацыйнай Рады.

Ксенія Луцкіна

„Акрамя гэтага, яна сустракалася з цяпер асуджанай Калеснікавай”, – піша дзяржаўная газета, быццам выкрываючы нейкае злачынства. Паведамляецца, што Луцкіна прапанавала стварыць альтэрнатыўны тэлеканал „для трансляцыі кантэнту, накіраванага на падтрыманне пратэсных настрояў”. Абарона журналісткі, дарэчы, звярнула ўвагу, што гэтая ідэя не знайшла падтрымкі.

Яшчэ адно „злачынства” журналісткі афіцыйнае выданне апісвае так: „Урэшце Луцкіна дайшла да таго, што фактычна прапанавала стварыць… альтэрнатыўны Мінінфарм”.

Пракурор запрасіў для журналісткі восем гадоў пазбаўлення волі. Ксенія Луцкіна – былая журналістка БТ, якая звольнілася на хвалі пратэстаў 2020 года і далучылася да Каардынацыйнай Рады.