Агляд прэсы: палітыка банкруцтва



Беларусь працягвае выціскаць мігрантаў праз мяжу Польшчы. Італія дрэйфуе направа на радасць Пуціну? У Вялікабрытаніі пакет мер ад Ліз Трас раскалоў грамадства. У Іране не суціхаюць пратэсты супраць рэжыму. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«З пачатку верасня больш за тысячу спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу зафіксавала польская Памежная служба», – перадае выданне Вышаградскай групы Remix.

«Цяпер Беларусь аказвае павышаны ціск на польскую мяжу, улады пад кіраўніцтвам Лукашэнкі дапамагаюць замежнікам трапіць у Польшчу. Беларускія ўлады забяспечваюць нелегалаў драбінамі для ўздыму на нядаўна пабудаваны бар’ер і надзіманымі лодкамі, якія выкарыстоўваюцца для перасячэння памежных рэк і азёр. Большасць нелегальных мігрантаў маюць сапраўдныя расейскія гасцявыя візы. Пераважную большасць складалі «студэнты» з краін Афрыкі, Азіі ці Блізкага Усходу, якія прыехалі ў Расею па гэтых візах. Многія з гэтых «студэнтаў» безумоўна не былі зацікаўленыя ў навучанні ў расейскіх універсітэтах, а замест гэтага выкарыстоўваюць сваю візу як трамплін у Еўропу. Як вынік, за мінулыя выхадныя зафіксавана 200 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу. Замежнікі спрабавалі прабрацца праз тэхнічны бар’ер, выкарыстоўваючы лесвіцы і спрабуючы пракапаць тунэлі. Дзевятнаццаць мігрантаў трапілі ў Польшчу праз раку Свіслач», – паведамляе выданне Вышаградскае групы.

Альянс правых партый, які сфармаваўся вакол постфашысцкай партыі «Браты Італіі», будзе мець абсалютную большасць у абедзвюх палатах італьянскага парламента. Паводле дадзеных міністэрства ўнутраных спраў, яны займелі 112 з 200 месцаў у Сенаце і 235 з 400 месцаў у Палаце дэпутатаў. Еўрапейская прэса разважае аб прычынах і наступствах дрэйфу направа, учыненага Італьянскай Рэспублікай. «Бенефіцыярамі гэтых выбараў стануць не толькі постфашысцкія Браты Італіі», – лічыць шведская газета Aftonbladet.

«З новым ультраправым урадам у Рыме Віктар Орбан мае права разлічваць на надзейнага саюзніка. А ў Крамлі Уладзімір Пуцін бачыць новыя магчымасці для распальвання чарговых спрэчак наконт санкцый супраць Расеі і падтрымкі Украіны. Сапраўдны пераможца італьянскіх выбараў знаходзіцца ў Маскве», – падкрэслівае шведскае выданне.

Вытрымаўшы паўзу на час жалобы па памерлай каралеве Лізавеце II, новы брытанскі ўрад на чале з Ліз Трас пусціўся ва ўсе цяжкія: на мінулым тыдні канцлер казначэйства Квазі Квартэнг абвясціў аб шчодрым пакеце дапамогі з мэтай зніжэння нагрузкі па аплаце ўзрослых выдаткаў і зніжэння падаткаў. Прэса баіцца, што ўсё гэта прывядзе не да жаданага эканамічнага росту, а да павелічэння дзяржаўнай запазычанасці. «Імклівы рост дзяржаўнага доўгу ўляціць краіне ў капейчыну», – абураецца брытанская газета The Observer.

«Няма нічога «кансерватыўнага» у тым, каб раздаваць зусім непатрэбныя падачкі багацеям, у той жа самы час абцяжарваючы 20-30-гадовых выдаткамі на фінансаванне нябачанага росту дзяржаўнага доўгу, прычым да самага канца іх працоўнага жыцця. Ніводнай краіне не ўдалося такім чынам дабіцца эканамічнага росту. Страшная ісціна заключаецца ў тым, што пераможца наступных парламенцкіх выбараў бярэ ў спадкаемства адну з самых безнадзейных эканамічных перспектыў за ўсю гісторыю Вялікабрытаніі, і ўсё з-за безадказных ідэалагічных эксперыментаў Трас. Гэта дорага абыдзецца краіне!», – папярэджвае брытанскае выданне.

Пратэсты, якія ахапілі Іран пасля гібелі Махсы Аміні і накіраваныя супраць рэжыму аятал і законаў аб норавах, асабліва строгіх у адносінах да жанчын, аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах як мужчын, так і жанчын, як персаў, так і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Рэжым душыць пратэсты з асаблівай жорсткасцю, паводле звестак праваабаронцаў, загінула ўжо 78 чалавек. Прэса піша пра тое, якім чынам міжнародная супольнасць магла б падтрымаць пратэстоўцаў. «Пратэст іранскіх жанчын заслугоўвае нашай падтрымкі», – піша турэцкая газета Hürriyet.

«Апошнія падзеі толькі пацвярджаюць тое, што ў Ісламскай Рэспубліцы Іран кіруе жорсткі тэакратычны рэжым, які не спыняецца перад тым, каб падняць руку на жанчын, гэта рэжым, які забівае жанчын. У людзей з суседняй з намі краіны маецца натуральнае і неад’емнае права на тое, каб карыстацца правамі і свабодамі і жыць, не баючыся рэпрэсій. І ў гэтым іх праблема робіцца таксама нашай праблемай. Мы павінны паказаць жанчынам Ірана, што ў гэтай барацьбе мы знаходзімся на іх баку», – заклікае турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array