Хто ўзарваў Крымскі мост? (абноўлена)



Кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў заявіў аб пачатку руху аўтатранспарту па Крымскім мосце.

«На дадзены момант рух адкрыты для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў з праходжаннем поўнай працэдуры агляду. Просім вадзіцеляў грузавых фур планаваць маршрут руху, выкарыстоўваючы Керчанскую паромную пераправу», – напісаў ён у Telegram.

* * *

За падрывам Крымскага моста стаіць Служба бяспекі Украіны, паведамляе крыніца «Украінскай праўды» ў праваахоўных органах.

У той жа час у самой спецслужбе пакуль афіцыйна не каментуюць свой удзел у гэтай падзеі, абмяжоўваючыся паўнамёкамі. Пра тое, што за разбурэннем Крымскага моста стаяць ўкраінскія спецслужбы і вайскоўцы, сказаў у спецэфіры на канале «Хадаркоўскі.Live» і ўкраінскі вайсковы эксперт Раман Світан. Версію з аўтамабілем ён назваў больш верагоднай: так лягчэй было сінхранізаваць выбух з цягніком. Але мог быць і ўдар супрацькарабельнай ракетай «Гарпун», які патапіў у чэрвені расійскі карабель. Світан лічыць, што Расіі няма чым адказаць на гэты ўдар па яе іміджу і інфраструктуры — уся магчымая зброя і так ужо ўжываецца. А ядзерны ўдар ён лічыць медыйнай страшылкай і фантастычным сцэнарыем. Іх рука да ядзернай кнопкі не пацягнецца, перакананы вайсковы эксперт. Свой аналіз пажару на Крымскім мосце апублікаваў аўтарытэтны вайсковы эксперт, генерал аўстралійскай арміі ў адстаўцы Мік Раян. Ён піша, што пра дакладныя прычыны пажару і яго наступствы казаць пакуль рана, але сам па сабе напад на мост — гэта ўдар у твар Пуціну ў ягоны дзень нараджэння.

На думку аўстралійскага генерала, цяперашні інцыдэнт можа быць часткай плана вяртання Крыма ў кароткатэрміновай перспектыве або спробай адцягнуць расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў іншых частках Украіны. Як мяркуе Раян, забеспячэнне Крыма з боку Расеі не перапыніцца — застаюцца караблі і шлях праз Мелітопаль, але ўтрыманне Мелітопаля становіцца для Масквы яшчэ больш важным. Калі на поўдні цяпер пачнуцца перамяшчэнні расейскіх войскаў, гэта можа выявіць іх слабыя месцы, і ўкраінцы ўбачаць для сябе новыя магчымасці

* * *

Цыстэрна з палівам, паводле папярэдніх звестак, гарыць на адным з участкаў Крымскага моста, суднаходныя аркі не пашкоджаны, паведаміў саветнік кіраўніка Крыма Алег Кручкоў.

«Папярэдне, гарыць цыстэрна з палівам на адным з участкаў. Суднаходныя аркі не пашкоджаны. Аб прычынах і наступствах казаць рана. Вядуцца працы па тушэнні пажару», – напісаў Кручкоў. У прэс-службе Крымскай чыгункі паведамілі, што адбылося ўзгаранне паліўнай цыстэрны ў хвасце грузавога цягніка. «Лакаматыў з часткай вагонаў выведзены на станцыю Керч. Вядуцца аварыйныя працы. Прычыны здарэння высвятляюцца», – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама на Крымскім мосце абваліўся адзін з пралётаў аўтадарогі. Як гэта магло адбыцца, і прычым тут пажар – невядома. Рух па Крымскім мосце цалкам закрыты, рыхтуецца запуск паромнай пераправы праз праліў, заявілі «улады Крыма».

Array