Палітолаг: Выклік амбасадара Украіны ў МЗС Беларусі звязаны з візітам Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург



„Госць Рацыі” – палітычны аналітык, публіцыст Валер Карбалевіч. З ім абмяркоўваем самую галоўную і пазітыўную падзею для Беларусі – другую Нобелеўскую прэмію, а таксама апошнія палітычныя падзеі.

РР: Цікава, чаму ў спісе пераможцаў Алесь Бяляцкі пазначаны персанальна? А ў выпадку з Расеяй і Украінай арганізацыі – расейскі „Мемарыял” і ўкраінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод”?

Валер Карбалевіч: Я думаю, што на гэтыя абставіны паўплывалі некалькі чыннікаў. Найперш, варта нагадаць, што Алесь Бяляцкі вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру пяць разоў. І другі момант, важным чыннікам стала тое, што цяпер Бяляцкі сядзіць за кратамі разам са сваімі паплечнікамі. Прычым, другі раз. Цяпер яму свеціць даволі вялікі тэрмін у калоніі. Ён прызнаны палітвязнем, вязнем сумлення. Гэта трэці выпадак у гісторыі Нобелеўскай прэміі міру, калі прэмія ўручаецца чалавеку, які сядзіць за кратамі.  І ўвогуле абставіны таго, што зараз у Беларусі вельмі шмат палітзняволеных, больш за 1300, і варта было прыцягнуць увагу да гэтага.

РР: Найбольш гучнай стала рэакцыя дарадцы прэзідэнта Украіны, колішняга беларускага журналіста Міхаіла Падаляка, які выступіў з крытыкай такога рашэння Нобелеўскага камітэта, маўляў, толькі Украіна заслугоўвае гэтую прэмію, а не прадстаўнікі краінаў-агрэсараў. Чаму гэты дарадца ўжо не ўпершыню выступае з такой відавочнай антыбеларускай пазіцыяй?

Валер Карбалевіч: Тут на парадку дня стаіць пытанне пра калектыўную віну – віну ўсяго грамадства за дзеянні ўладаў. Маўляў, калі праваабаронцы Расеі і Беларусі не змаглі спыніць гэтую агрэсію, то яны таксама вінаватыя, і як можна ім даваць прэмію? То тут можна запярэчыць. Падаляк сапраўды жыў у Беларусі, чаму ён не арганізаваў у свой час змаганне і зрынанне дыктатуры? Чаму ўкраінскія грамадзяне, якія жывуць у Луганскай вобласці ці ў Данецкай, не арганізуюць паўстанне супраць іхных рэжымаў? Я ўжо не кажу пра Херсон ці Крым. Таму такія папрокі можна вылучаць шмат каму.

РР: Тое, што амбасадара Украіны ў Менску Ігара Кізіма выклікалі ў МЗС Беларусі і ўручылі яму дыпламатычную ноту, абвінавацілі ў тым, што Украіна нібыта плануе напад на Беларусь, гэта трэба звязваць з апошнімі падзеямі?

Валер Карбалевіч: Так, але не з Крымскім мостам, а з візітам Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург і перамовамі з Пуціным. Гэта былі восьмыя перамовы, і менавіта пасля вяртання Лукашэнкі адбыўся гэты дыпламатычны дэмарш МЗС Беларусі. Прычым, у выходны дзень, нават пачакаць не маглі да панядзелка. І я думаю, што сапраўды гэта звязана з ціскам з боку РФ. То бок, Расея падштурхоўвае Беларусь да больш актыўнага ўдзелу ў гэтай вайне, больш актыўнага выканання саюзніцкага доўгу. І афіцыйны Менск вымушаны ісці на саступкі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Array