Украінскія мастакі ў Беластоку: Мы гэта робім, каб не быць нямымі
У Беластоку адкрылася выстава ўкраінскіх мастакоў Влады Ралко і Уладзіміра Буднікава. У экспазіцыі трагічныя, а часам і страшныя працы, якія выкліканы рэакцыяй мастакоў на вайну ва Украіне. Выстава стала вынікам рэзідэнцыі творцаў у беластоцкай галерэі «Арсенал» у верасні і кастрычніку 2022 года. Пра ролю ўкраінскага мастака ў час вайны кажа Влада Ралко:
– Кожны мастак вырашае гэтае пытанне па-свойму. У нас ёсць мастакі і мастачкі, якія зараз ваююць, у нас ёсць мастакі і мастачкі, якія зараз займаюцца актыўным валанцёрствам. Але я для сябе, і Уладзімір таксама, вырашылі, што мастацтва – гэта мова. Мы гэта робім, каб не быць нямымі. Але галоўнае, калі нам удаецца прадаць свае работы, тады мы значную частку атрыманых грошай адпраўляем на патрэбы фронту, патрэбы арміі.



Адначасова ў галерэі «Арсенал» адкрылася мультымедыйная выстава яшчэ двух украінскіх творцаў – Ярэмы Малашчука і Рамана Хімея, якія працуюць на мяжы выяўленчага мастацтва і кіно. Выстава рыхтавалася яшчэ да пачатку актыўнай фазы расейскай агрэсіі ва Украіне. У відэафармаце мастакі апавядаюць пра шматгранны вобраз грамадства ў краіне, раздзіраемай гістарычнымі зменамі.
Беларускае Радыё Рацыя









