Алясандра Ахілі: З мінулага году я пачаў вывучаць беларускую мову і літаратуру



Усё больш славістаў з усяго свету пачынаюць цікавіцца беларускай мовай і беларускай культурай, і такім чынам адкрываюць для сябе і іншых Беларусь. Такія адмыслоўцы ўжо ёсць бадай у кожнай еўрапейскай краіне. Таксама і ў Італіі.

Доктар Кальярскага ўніверсітэта Алясандра Ахілі спачатку вывучыў рускую і ўкраінскую мовы, а цяпер вывучае беларускую.

– Я цікаўлюся многімі славянскімі мовамі. І з мінулага году я пачаў вывучаць беларускую мову і таксама беларускую літаратуру. Я цікаўлюся сучаснай паэзіяй, паэзіяй увогуле, не толькі сучаснай, але найлепш ведаю сучасную беларускую паэзію, чым класічную. Я напісаў, напрыклад, артыкул пра цялеснасць у сучаснай беларускай паэзіі, і хачу далей вывучаць беларускую літаратуру.

Алясандра Ахілі цікавіцца перадусім сучаснай беларускай паэзіяй. Як ён сам кажа, з ёю знаёміцца яму дапамагае Фэйсбук. Бо беларускія паэты апошнім часам актыўна публікуюць свае вершы ў сацыяльных сетках. На сёлетнім Кангрэсе даследчыкаў Беларусі італьянскі беларусіст выступіў з дакладам на тэму найноўшай рэвалюцыйнай паэзіі Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя