У Беластоку прайшла творчая сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым



У Падляшскім Інстытуце Культуры беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў прадставіў новае выданне ягонай легендарнай кнігі выбранай прозы „Ордэн Белай Мышы”. Госці вечара змаглі набыць кнігі Арлова, атрымаць аўтограф аўтара і паслухаць сакрэты творчай майстэрні беларускага класіка. Кажуць самі ўдзельнікі імпрэзы:

– Для мяне Уладзімір Арлоў – знакавая фігура для Беларусі, таму калі я ўбачыў, што будзе імпрэза з яго ўдзелам, то я адразу запланаваў гэтую сустрэчу для сябе. Вельмі рады буду пабачыць класіка.

– Спадара Арлова ведаю многа гадоў. Чалавек, які напісаў гісторыю не для гісторыкаў, а для нармальных людзей: напісана лёгкім пяром, прыемна, даступна, цікава.

– Хацелі б яго мець для сябе, але ж гэта выгнанне і вельмі шкада і Уладзіміра, і яго жонку.

– Наколькі я не вельмі люблю гісторыю, то спадар Арлоў умее пра яе такім чынам напісаць, што гэта робіцца цікава, неяк больш людска. Крыху ўжо пачала чытаць „Ордэн Белай мышы” – вельмі захапляльна і не толькі гістарычна, фантастыка.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя