З’явіўся надмагільны помнік Юрку Голубу
На могілках у вёсцы Горна Зэльвенскага раёна на магіле паэта Юркі Голуба (1947-2020) адкрылі надмагільны помнік.

Зэльвенскі святар айцец Георгій асвяціў помнік. Добрае слова пра Юрку Голуба сказалі жонка паэта Кацярына Голуб і пісьменнік Міхась Скобла.
Падчас адкрыцця і асвячэння помніка на могілках у Горна прысутнічалі сваякі паэта, а таксама пісьменнікі Валянцін Дубатоўка, Янка Трацяк, Ала Петрушкевіч і Сяргей Чыгрын.
Пасля могілак усе наведалі вясковую хату, дзе прайшло маленства і школьныя гады Юркі Голуба і пачаставаліся горнаўскім вінаградам.





Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара