Агляд прэсы: сувязь з рэальнасцю



Перайменаванне вуліц як сродак пратэсту супраць Расеі. Што азначае адвод войскаў з Херсона? Апазіцыянеры патрабуюць змены ўлады ў Расеі. Ці можна вырашаць будучыню чалавецтва ў Егіпце? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Акрамя санкцый, паставак зброі і дэманстрацый супраць расейскай вайны ва Украіне ёсць яшчэ адна форма пратэсту: перайменаванне вуліц. Такім чынам, генеральнае консульства Расеі ў Лейпцыгу цяпер атрымлівае новую назву вуліцы. Гарсавет вырашыў перайменаваць яе ў «вуліцу Барыса Раманчанкі». Украінец, які перажыў Халакост (96 гадоў), быў забіты ў сваім родным горадзе Харкаве ў сакавіку», – перадае нямецкая газета Mitteldeutsche Rundfunk.

«Імем украінца названая вуліца, на якой знаходзіцца генеральнае консульства Расеі ў Лейпцыг-Голісе. На пасяджэнні ў сераду гарадская рада Лейпцыга вырашыла перайменаваць Turmgutstraße у Boris-Ramanchenko-Straße. Такім чынам паседжанне савета адпавядала запыту левых. Прапанова атрымала 33 галасы «за», у тым ліку мэра Буркхарда Юнга, супраць прагаласавалі 17 дэпутатаў, трое ўстрымаліся. Падобныя акцыі адбыліся ў польскім Беластоку, Канадзе, Нарвегіі, Чэхіі, Латвіі і Албаніі. У Празе расейская амбасада цяпер вядомая як «Вуліца ўкраінскіх герояў», у Тыране вуліца з амбасадамі Расеі і Украіны перайменаваная ў «Вольную Украіну». Раней, у маі 2022 года, была петыцыя аб перайменаванні Turmgutstraße у Selenskyjstraße. Гэта было адхілена, спаслаўшыся на тое, што горад не перайменоўвае вуліцы ў гонар жывых людзей, як у выпадку з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім», – піша нямецкае выданне.

***

Пасля абвяшчэння расейскім бокам вываду войскаў з акупаванага партовага горада Херсона, ва Украіне пануе няўпэўненасць з нагоды таго, ці не ідзе гаворка аб пастцы. У чацвер украінскія вайскоўцы прасунуліся ў раёны, размешчаныя вакол горада. Пры гэтым маштабнага выхаду расейскіх войскаў пакуль што не назіраецца. Еўрапейская прэса аналізуе сітуацыю. «Украінцам цяпер трэба быць больш асцярожнымі», – папярэджвае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Калі адказныя асобы ў Кіеве паспяшаюцца з уводам сваіх войскаў у меркавана пакінуты рускімі Херсон, то яны могуць стаць ахвярай загадзя падрыхтаванай пасткі. Рускія напэўна нашпігавалі Херсон мінамі і расцяжкамі. Не выключана, што тысячы расейскіх жаўнераў усё яшчэ застаюцца ў горадзе, пераапранутыя ў цывільнае. Акрамя таго, горад, поўны войскаў, можа стаць мэтай для расейскай артылерыі і ракетных абстрэлаў з супрацьлеглага боку ракі. У такім выпадку прэзідэнту Зяленскаму і ягоным генералам давялося б узяць на сябе ўсю паўнату адказнасці за лёс грамадзянскага насельніцтва горада. Так што лепш за ўсё было б не спяшацца, і прыняць узважанае рашэнне наконт Херсона», – папярэджвае нямецкае выданне.

***

Некалькі дзясяткаў расейскіх апазіцыянераў сустрэліся ў польскай вёсачцы Яблонне для таго, каб абмеркаваць будучыню сваёй краіны. Сярод удзельнікаў – некалькі былых дэпутатаў Думы і чальцоў гарадскіх рад. Мэтай сустрэчы было стварэнне «парламента ў выгнанні» і падтрымка змены рэжыму ў Расеі. Прэса адрэагавала вельмі асцярожна. «Патрабаванні апазіцыянераў аб пераасэнсаванні пуцінскай эпохі і асабістай адказнасці маюць далёкасяжны характар», – адзначае польская газета Gazeta Wyborcza.

«Былыя прадстаўнікі расейскай улады на розных узроўнях не толькі заклікалі да рэвалюцыі, але і працавалі над законамі, якія набудуць моц пасля звяржэння Уладзіміра Пуціна. Праверцы падлягаюць усе, хто якім бы там ні было чынам звязаны з рэжымам Пуціна, усе хто падтрымлівае ці апраўдвае вайну ва Украіне, усе, хто выконвае загады і распараджэнні ўладаў. Гэта азначае, што праверка будзе тычыцца не толькі асоб, якія прымаюць рашэнні, уладнага апарата ці алігархаў, але таксама настаўнікаў, журналістаў, выкладчыкаў, актывістаў і іншых», – адзначае польскае выданне.

***

На працягу двух тыдняў урады амаль двухсот краін свету вядуць перамовы ў егіпецкім Шарм-эш-Шэйху ў межах 27-й Канферэнцыі ААН па змене клімату. Цэнтральнай тэмай саміту, заяўленай прымаючым бокам Егіптам, сталі патрабаванні кампенсацыйных выплат краінам, якія развіваюцца, асабліва тым, хто моцна пацярпеў у выніку глабальнага пацяплення. Гэтыя выплаты павінны ўзяць на сябе найбуйнейшыя індустрыяльныя дзяржавы, бо менавіта яны сталі галоўнымі вінаватымі ў змене клімату. Еўрапейская прэса не назірае асаблівых зрухаў. Для ірландскай газеты Irish Examiner Егіпет – зусім непрыдатнае месца для правядзення канферэнцыі па пытаннях клімату.

«Улады краіны ліквідавалі больш за дзве тысячы дабрачынных арганізацый, канфіскавалі іх маёмасць у адплату за меркаваныя сувязі з забароненым цяпер рухам «Браты-мусульмане» і падверглі рэпрэсіям актывістаў экалагічнага руху. Палітычныя лідары, якія сабраліся ў Шарм-эш-Шэйху, не павінны заплюшчваць вочы на жорсткасць рэжыму Ас-Сісі. Дыктатуру, якая перажывае палітычныя ўзрушэнні, наўрад ці можна лічыць прыдатным месцам для правядзення такога саміту, заяўленая мэта якога – барацьба за лепшую будучыню для чалавецтва», – падкрэслівае ірландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Array