Агляд прэсы: палавіністы адказ
Яшчэ больш ваеннай тэхнікі ў беларуска-расейскіх цягніках. Ракеты, якія ўпалі ў Польшчы: як рэагаваць? Клімат на мяжы паразы. Насельніцтва Зямлі на адзнацы 8 мільярдаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь і Расея зноў супрацоўнічаюць у сферы перавозак ваеннай тэхнікі чыгункай. За люты-верасень яны абмяняліся больш за 100 тысяч тонамі боепрыпасаў, а цягам кастрычніка з Беларусі ў Расею было адпраўлена больш за 5,2 тысячы тон бронетэхнікі», – паведамляе міжнародны часопіс Railway Supply.
«Беларусь афіцыйна абвергла гэтыя абвінавачванні, заявіўшы, што машыны адпраўляюцца ў Расею для мадэрнізацыі. Аднак крыніцы заявілі, што пакуль ніякіх паведамленняў аб правядзенні работ па мадэрнізацыі беларускіх танкаў Т-72 у РФ няма. Таварыства чыгуначнікаў Беларусі паведаміла, што цягам кастрычніка з Беларусі ў Расею было адпраўлена шэсць цягнікоў. Усе цягнікі ішлі па адным маршруце: ад Урэчча ў цэнтральнай частцы Беларусі да станцыі Успенская на расейска-ўкраінскай мяжы. У горадзе Урэчча знаходзіцца 969-я база захоўвання рэзерву танкаў, дзе захоўваецца больш за 2000 узораў рознай бронетэхнікі. Гэтыя эшалоны былі загружаныя 98 танкамі Т-72А і 60 БМП-2. Больш за тое, Расея выкарыстоўвае чыгунку для перавозкі ваенных грузавікоў са Старых Дарог з цэнтральнай Беларусі ў розныя раёны Расеі. Са Старых Дарог ужо адпраўленыя дзве партыі агульным аб’ёмам 53 грузавікі «Урал», якія знаходзяцца на ўзбраенні расейскай арміі. Менавіта тут размешчана 288-я база рэзерву аўтамабільнай тэхнікі», – перадае міжнародны чыгуначны часопіс.
***
У аўторак у выніку падзення дзвюх ракет у польскім сяле Пшаводаў, што непадалёк ад мяжы з Украінай, загінулі два чалавекі. Як заявіў у ходзе сустрэчы краін НАТО і Вялікай сямёркі на Балі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, ёсць падставы меркаваць, што ракеты – мяркуючы па ўсім, расейскага тыпу – маглі быць запушчаны ўкраінскім бокам для перахопу расейскага ракетнага абстрэлу. Масква заяўляе, што не абстрэльвала памежную вобласць. Прэса не хавае сваёй трывогі. «Нішто не кажа пра тое, што Расея мэтанакіравана ўдарыла па тэрыторыі НАТО», – аналізуе сітуацыю брытанскае выданне ВВС.
«Вырашальнае тут – гэта мэта, і ўсё роўна, хто выпусціў ракету. І пакуль што няма ніякіх прыкмет таго, што Расея спецыяльна атакавала штосьці за межамі ўкраінскіх межаў. Крамлю вядома, што такі крок можа патэнцыйна выклікаць да дзеяння Пяты артыкул Статута НАТО , і тэарэтычна мабілізаваць на абарону Польшчы ўвесь альянс. У гэтай сітуацыі не жадае апынуцца і НАТО, асабліва на фоне таго, што ўсяго днём раней службы вонкавых выведак ЗША і Расеі сустрэліся для абмеркавання магчымасцяў для пазбягання ў гэтай вайне непатрэбнай эскалацыі», – падкрэслівае брытанскае выданне.
***
У Егіпце падыходзіць да канца 27-я Канферэнцыя ААН па змене клімату. Цэнтральнай тэмай мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі амаль двухсот краін свету, сталі патрабаванні кампенсацыйных выплат краінам, якія разіваюцца, асабліва пацярпелым у выніку глабальнага пацяплення. Гішпанскае выданне eldiario.es заклікае да прыняцця неадкладных мер па барацьбе са змяненнем клімату.
«Рашэнне кліматычнага крызісу сёння параўнальна з палётам на Месяц. Высадка чалавека на спадарожнік Зямлі стала магчымай усяго толькі за дзесяць гадоў упартай працы, дзякуючы вялізным рэсурсам, укладзеным у праект. Цяпер нам патрабуюцца такія ж актыўныя дзеянні. Гандлёвыя спрэчкі і вайна ва Украіне не павінны блакаваць міжнародную кліматычную дыпламатыю. Працэс, ініцыяваны ААН, магчыма, неідэальны, але ён дазволіў данесці да ўсіх жыхароў Зямлі агульную мэту: выратаванне планеты для ўсіх нас разам узятых», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
***
Паводле падлікаў ААН, 15 лістапада насельніцтва Зямлі перасягнула адзнаку ў восем мільярдаў чалавек. Прычыну росту сусветнага насельніцтва эксперты бачаць у павелічэнні працягласці жыцця і захаванні высокай нараджальнасці ў шэрагу рэгіёнаў свету. Ці вытрымае планета такі тэмп? «Рост колькасці насельніцтва сам па сабе – не праблема», – піша аўстрыйская газета Die Presse і прыводзіць важкі довад.
«Энергазабеспячэнне, заснаванае на выкарыстанні ўстойлівых і аднаўляльных крыніц энергіі, цалкам магчыма. Многія з неабходных тэхналогій ужо даступныя, а некаторыя з’явяцца толькі ў найбліжэйшыя гады і дзесяцігоддзі. Па-за ўсякім сумневам, выклікі такога пераходу вялікія. Але калі атрымаецца ажыццявіць гэты пераход у Еўропе і Паўночнай Амерыцы, то, магчыма, ён стане рэальным і ў краінах Азіі і Афрыкі з хуткарослым насельніцтвам. У сярэднетэрміновай перспектыве праблема, хутчэй за ўсё, будзе заключацца ў тым, што сучаснае грамадства ў многіх краінах старэе. Так што мы павінны радавацца таму, што можам вітаць васьмімільярднага грамадзяніна свету!», – заклікае аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array