У Менску затрымалі супрацоўніка IT-кампаніі Innowise Group



У Менску затрымалі супрацоўніка менскага офісу Innowise Group Максіма Статкевіча.

Гэта стала вядома з відэазпісу, размешчанага ў тэлеграм-канале, які звязваюць з беларускімі сілавікамі. Аўтары каналу сцвярджаюць, што на Максіма Статкевіча данеслі калегі. У якасці доказу ў відэазапісе прадэманстравалі працоўнае ліставанне супрацоўнікаў кампаніі. У Innowise Group пацвердзілі затрыманне іх супрацоўніка, паведаміла выданне devby.

„Падрабязнасцяў па сітуацыі  няма. Ні па абставінах затрымання (гэта адбылося ў непрацоўны час), ні па статусе Максіма. У офісах вобшукаў не было”, — адзначылі ў прэс-службе кампаніі. Калегі затрыманага лічаць малаімаверным данос на Максіма. Яны не выключаюць, што сілавікі атрымалі доступ да ўнутранага ліставання кампаніі ўжо пасля яго затрыманьня. У ім абмяркоўвалася тэма пазоваў у ваенкаматы для зверкі звестак. Іншы супрацоўнік кампаніі паведаміў, што некалькі тыдняў таму затрымалі яшчэ аднаго супрацоўніка Innowise, імаверна, нават разам з маці.

Innowise Group займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння з 2007 году. Як адзначаецца на афіцыйным сайце кампаніі, яна мае офісы ў Польшчы, Нямеччыне, Літве, Беларусі, Украіне і Грузіі.