Павел Латушка: Толькі ў барацьбе мы можам вызваліць нашу краіну
Госць „Радыё Рацыя” – намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік НАУ Павел Латушка.
РР: Працягнем тэму санкцый. Беларусь не пакаралі санкцыямі так як Расею, бо прасіла Украіна. Як вам бачыцца гэта сітуацыя?
Павел Латушка: Тут ёсць два моманты. Мы чулі выказванні старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляйен, якая сказала, што ў адносінах да Беларусі ў сувязі з далейшай падтрымкай вайны РФ супраць Украіны будуць уведзены дадатковыя санкцыі. Таксама ўкраінскі бок зняпраўдзіў гэтую інфармацыю. Давайце прааналізуем, адкуль узялася гэтая сітуацыя? Гэта заключаецца ў памылковым аналізе сітуацыі, якая ёсць у Беларусі і ролі Лукашэнкі ў вайне. Чамусьці ў заходніх палітыкаў і палітолагаў укаранілася меркаванне, што нельга правакаваць Лукашэнку. Бо санкцыі з’яўляюцца той правакацыяй, якая прастымулюе яго прыняць рашэнне накіраваць войскі Беларусі ва Украіну. Але гэта памылка. Таму што, па-першае, сам Лукашэнка не хоча накіроўваць войскі ва Украіну, бо разумее, да чаго гэта можа прывесці. Гэта можа прывесці да павышэння рэвалюцыйных настрояў у Беларусі, да трыгера, які можа справакаваць перамены ў краіне, пры якіх Лукашэнка будзе вымушаны зысці ад улады. З другога боку, не хоча гэтага і Пуцін. Бо ён не хоча, каб сёння з’явіліся праблемы на тэрыторыі Беларусі, якія яму трэба будзе вырашаць. Лукашэнка ўвядзе войскі ці не? Я перакананы, што так. Але гэта адбудзецца толькі пры адной базавай умове. Калі гэта будзе патрэбна Пуціну. А патрэбна гэта будзе тады, калі будзе сфармаваная адпаведная ўдарная групоўка расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Вось тады войскі Беларусі могуць далучыцца, ці па загаду Крамля будуць далучаны да агрэсіі супраць Украіны. І да гэтай сітуацыі санкцыі не маюць ніякага дачынення.
Мы паглядзім, ці бліжэйшым часам у пакеце, які распрацоўвае Еўрапейская камісія, адпаведныя прапановы мы ўнеслі, будуць уведзены дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. А пытанне ідзе менавіта, каб яны мелі роўны характар як у адносінах да РФ, так і да рэжыму Лукашэнкі. Бо гэта ліквідуе магчымасць Лукашэнку дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі. І другое, мы накіравалі ўкраінскаму боку прапанову хаця б пачаць санкцыі ў дачыненні да 24 суддзяў, якія абвяшчалі прысуды беларусам, якія выступалі ў падтрымку Украіны. Таму кожны з бакоў можа прыняць свае самастойныя рашэнні.
РР: У грамадства час ад часу закідваецца інфармацыя пра магчымы, груба кажучы, гандаль. Прапанаваць нешта Лукашэнку, нават грошы з ЕЗ, а ён за гэта выпусціць палітвязняў. Здаецца, такая сітуацыя ніякага сэнсу не мае.
Павел Латушка: Не мае, гэта нерэальна. Бо трэба разумець, што заканадаўства ЕЗ ніколі гэта не дазволіць, каб гэтыя сродкі пайшлі ў гандаль. І гэта вельмі дрэннае слова, якое мне вельмі не падабаецца. Гэта нерэалістычны сцэнар. А рэалістычным сцэнаром з’яўляецца ліквідацыя рэжыму, цяжкі, самы складаны. І гэта час, калі мы мусім гуртавацца і яднаць сваю волю. Толькі ў барацьбе мы можам вызваліць нашу краіну. Рэалістычны сцэнар – гэта кропкавыя вызваленні. Тут можна ўключаць заходнюю дыпламатыю. Мы знаходзімся ў камунікацыі, каб спрабаваць кагосьці з палітычных зняволеных вызваліць. Але сёння мы нават не ведаем, колькі людзей з’яўляюцца палітзняволенымі. Іх тысячы.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
