Былога топ-менеджара ФК „Шахцёр” затрымалі па падазрэнні ў махлярстве
У Менску па падазрэнні ў махлярстве затрыманы былы спартовы дырэктар Салігорскага футбольнага клуба „Шахцёр” Уладзімір Нідэргаўс. Пра гэта паведаміў казахстанскі журналіст Айдын Кажахмет, аўтар буйнога тэлеграм-канала пра спорт.

Нідэргаўс нядаўна звольніўся з „Шахцёра” і збіраўся перайсці на працу ў казахстанскі клуб „Табол”. Але выехаць з Беларусі не паспеў. „55-гадовы мэнэджар Уладзімір Нідергаўс затрыманы ў Менску супрацоўнікамі праваахоўных органаў па падазрэнні ў махлярстве. Думаю, тэму з “Таболам” можна закрыць. Іншых падрабязнасцяў пакуль няма”, — напісаў Кажахмет. „Трыбуна” заўважыла, што імя Нідэргаўса яшчэ зранку 22 студзеня было на сайце „Шахцёра” ў спісе кіраўнікоў клуба. Але пасля звестак пра яго затрыманне, радок са згадкай Нідэргаўса выдалілі.
У „Шахцёры” Нідэргаўс адказваў у тым ліку за пошук і куплю новых гульцоў. Спонсарам клуба з’яўляецца „Беларуськалій”, што дазваляла камандзе выдаткоўваць на куплю футбалістаў немалыя грошы. Пры гэтым, як заяўляе „Белсат”, працэс не быў празрыстым. У 2022 годзе, калі „Беларуськалій” трапіў пад санкцыі, аб’ёмы трансфераў моцна скараціліся, каманду пакінулі амаль усе легіянеры. За час працы Нідэргаўса з траўня 2021-га на куплю футбалістаў былі выдаткаваныя сотні тысяч еўра.