Герасімаў выйшаў у асноўную сетку турніру ў Вільні
Беларускі тэнісіст 414-ы нумар сусветнага рэйтынгу Ягор Герасімаў прабіўся ў асноўную сетку турніру катэгорыі Challenger-100 у Вільні з прызавым фондам 118 тысяч даляраў. У другім кваліфікацыйным раундзе беларус перайграў у трохсэтавым паядынку прадстаўніка Казахстана Бейбіта Жукаева – 3:6, 6:4, 6:4. На старце кваліфікацыі Ягор Герасімаў абыграў у дзвюх партыях літоўскага тэнісіста Томаса Вайзэ – 6:3, 6:4.
„Арыс” перайграў „Доксу”, Яблонскі выйшаў на замену
„Арыс”, які ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, перамог „Доксу” ў матчы 22-га тура чэмпіянату Кіпра — 2:1. У гаспадароў Яўген Яблонскі выйшаў на замену на 81-й хвіліне. „Арыс” з 43 ачкамі ідзе чацвёртым у табліцы.
Аляксандр і Вячаслаў Глебы згуляюць у складзе зборнай СНД на „Кубку Легенд” у Маскве
Стаў вядомы склад зборнай СНД, якая прыме ўдзел у „Кубку Легенд” у бліжэйшы ўік-энд у Маскве. У яе трапілі беларусы Аляксандр і Вячаслаў Глебы, а таксама Эрык Якімовіч. „Кубак Легенд” пройдзе ў Маскве з 10 па 12 лютага. Гэты турнір пройдзе ўжо 15-ы раз, у 2010 годзе яму прысвоена імя лепшага гульца свету XX стагоддзя па міні-футболе Канстанціна Яроменкі. Расіяне толькі аднойчы, у 2020 годзе, саступілі галоўны прыз зборнай Зорак.
Наёк стане гульцом „Атырау”, які ўзначальвае Жукоўскі
Украінскі паўабаронца Аляксандр Наёк, добра вядомы беларускім заўзятарам, стане гульцом „Атырау”, які ўзначальвае беларускі трэнер Віталь Жукоўскі. Пра гэта паведамляе telegram-канал Kozhakhmet_inside_official. Чуў пра гэтага гульца яшчэ гадоў 12 таму. Тады пра яго пісалі як пра аднаго з самых перспектыўных футбалістаў Украіны (ён згуляў сумарна за ўсе юнацкія і маладзёжную зборную сваёй краіны звыш 70 матчаў), таленавітым хлопцу з акадэміі данецкага „Шахцёра”. Але выдадзеных авансаў ён не апраўдаў. Хаця назваць яго кар’еру слабой дакладна нельга. У чэмпіянаце Беларусі ён быў заўважнай фігурай, выйграваў золата з берасцейскім „Дынама”. Потым паўтарыў гэтае дасягненне на Кіпры, з „Апалонам”. Апошнім месцам працы апорніка быў ізраільскі „Макабі”. Словам, у „Атырау” відавочна ўзялі курс на запрашэнне гульцоў з псіхалогіяй пераможцы. Раней быў падпісаны тытулаваны беларус Стасевіч. Многія навічкі добра знаёмыя Жукоўскаму. Але наколькі гэта дапаможа „нафтавікам”, пакажа толькі сезон. Пакуль выглядае цікава, – піша крыніца.
Вудкрафт узняўся на 17-е месца ў рэйтынгу трэнераў КХЛ
Настаўнік мінскага „Дынама” Крэйг Вудкрафт узняўся на 17-е месца ў рэйтынгу трэнераў КХЛ. Табліцу штотыдзень абнаўляе выданне „Чэмпіянат”. Беларускі рулявы „Барыса” Андрэй Скабелка апусціўся на 19-ю пазіцыю. Лідыруе ў рэйтынгу коуч „Тарпеда” Ігар Ларыёнаў.
Беларускае Радыё Рацыя