У МЗС Польшчы назвалі варварствам знішчэнне фрэскі ў беларускім касцёле



Прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна адрэагаваў на знішчэнне касцельнай фрэскі “Цуд на Вісле” у вёсцы Солы ў Смаргонскім раёне. Фрэска знаходзілася ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. “Мы асуджаем знішчэнне польскай культурнай спадчыны ў Беларусі рэжымам Лукашэнкі. Гэта спадчына – неад’емная частка гісторыі Беларусі. Яе знішчэнне нягоднае і несумяшчальнае з прынцыпамі цывілізаванага свету”, – напісаў Ясіна ў Твітары.

Пра знішчэнне фрэскі з выяваю Варшаўскай бітвы 1920 года падчас савецка-польскай вайны стала вядома 28 лютага. Да гэтага фрэску ўжо зафарбоўвалі пры савецкай уладзе, але пазней аднавілі.

Аўтар знішчанай фрэскі ў Солах — беларускі класік Пётра Сергіевіч, піша краязнаўца Кастусь Шыталь.

Краязнаўца прыгадвае, што пра тое, што Пётра Сергіевіч працаваў у Солах, згадвае і Язэп Драздовіч у сваім дзённіку 02.07.1933: «Хацеў застаць аднаго з маіх калег-мастакоў — Пеценьку — ды, на жаль, не застаў. Недзе выехаў. У Солы на касцельную працу — святых маляваць».

«Вярнуўся з Солаў на два дні ў Вільню калега Пеця. Абодва мы рады, што спаткаліся: звадзіў мяне на вячэрні абед у мастацкую спулдзельню, што на Юраўскім. Там цэлая выстаўка абразоў і скульптур — ёсць там і маё, ды і я сам на двух Пецевых партрэтах. (Зайшлі ад радасці спаткання ў мастацкую спулдзельню, агледзелі выстаўку і зʼелі там абед)», — такі запіс у дзённіку 11.07.1933.