Выстава Міраслава Здрайкоўскага праходзіць у Бельску-Падляшскім
Буслы на фоне бел-чырвона-белых палосаў, рушнікі з падляшскімі краявідамі ў розныя пары года ды прыгожыя васількі. Усе гэтыя карціны, як своеасаблівыя сімвалы Беларусі, складаюць выставу “Надзея”. Аўтар працаў – Міраслаў Здрайкоўскі – беларускі мастак родам з Бельска-Падляшскага.

Выставу яшчэ апошні тыдзень можам адведаць у выставачнай зале Бельскага Дому Культуры. Запрашае дырэктар гэтай культурніцкай установы – Альжбета Фёнік:
– Мірэк Здрайкоўскі патлумачыў нам падчас адкрыцця выставы ў чым заключаецца “Надзея” ў выстаўленых карцінах. Буслы – гэта надзея на жыццё, на тое, што адновіцца ўсё, што прыйдзе вясна. І ўсё будзе добра. У кантэксце тых падзей, што зараз адбываюцца ў свеце. А кветкі – з’яўляюцца надеяй самі сабою. Таму што кожны год на пачатку яны развіваюцца, адраджаюцца, нягледзячы на тое, што здаецца, не будзе ўжо нічога, што застанецца сырая зямля. Кветкі не здаюцца, падымаюцца ды ізноў красуюць.
Выстава “Надзея” Міраслава Здрайкоўскага даступная для наведвання ў выставачнай зале Бельскага Дому Культуры яшчэ па 10 сакавіка.








Анна Шайкоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Беласток