Гомелец, які ўжо падаў заяву на Азаронка, вырашыў прыцягнуць да адказнасці Мукавозчыка
Гомелец, які ўжо падаў заяву ў следчы камітэт на прапагандыста Рыгора Азаронка, вырашыў прыцягнуць да адказнасці і яшчэ аднаго прапагандыста Андрэя Мукавозчыка.

Артыкул, згодна з якім Ілля Міронаў падаў заяву ў Следчы камітэт на прапагандыста, прадугледжвае да 5 гадоў зняволення. Нагодай для заявы Іллі Міронава на аўтара “СБ.Беларусь сегодня” Андрэя Мукавозчыка стаў матэрыял у гэтай газеце ад 4 красавіка, размешчаны на інтэрнэт-старонцы праўладнага выдання. Назва артыкула гучыць так: “Беглые шокированы тем, как жизнь реагирует на их старания её раскачать”.
На думку Міронава, у гэтым артыкуле аўтар заклікае да дзеянняў, накіраваных на распальванне нянавісці, варожасці, а таксама прыніжэнне годнасці групы асобаў па прыкметах прыналежнасці да вызначанай сацыяльнай групы.
Той самы артыкул Мукавозчыка, пра які ідзе гаворка, напісаны ў стылі загалоўка. Калі ў агульных рысах, то ў ім прапагандыст кажа пра тое, што любы нязгодны з палітыкай Лукашэнкі беларус здольны прынесці выбухоўку нават у дзіцячы садок, краму ці на плошчу, а таму пра такіх людзей трэба паведамляць “куда следует, чтобы потом к ним не приходилось применять высшую меру социальной защиты”.
У сваёй заяве ад 14 красавіка Міронаў просіць пачаць праверку ў дачыненні да Мукавозчыка на факт наяўнасці ў яго артыкуле складу злачынства і пры пацверджанні яго наяўнасці, адкрыць крымінальную справу адносна дадзенай асобы. У якасці пакарання артыкул прадугледжвае да 5 гадоў абмежавання волі ці зняволення.
Ілля Міронаў — вядомы ў Гомелі актывіст, які напісаў некалькі тысяч лістоў палітвязням, а цяпер ужо і сам з’яўляецца былым палітвязнем.
„Штодзень”