“Наша слова.pdf” – пра маладую Беларусь 1912 года



Свежы нумар электроннага штотыднёвіка адкрываецца артыкулам “Радуніца напярэдадні ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы”. 25 красавіка Беларусь адзначыла Радуніцу – Дзень памінання продкаў. 26 красавіка – чарговыя ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

19 красавіка 2023 года Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы ў дзясяты раз запрасіла да сябе навукоўцаў, краязнаўцаў і ўсіх зацікаўленых гісторыяй людзей на навукова-практычную канферэнцыю „Лідчына праз сем стагоддзяў” у рамках „Х Лідскіх чытанняў”. Грунтоўную справаздачу з канферэнцыі публікуе “Наша слова”.

У ДУА „Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 г. Ліды”, акрамя заняткаў адукацыйнай галіны „Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, арганізавана яшчэ і адукацыйная ініцыятыва „Цікава вучым родную мову”. У рамках яе юныя лідзяне на пашыраным узроўні вывучаюць беларускую мову. Заняткі праходзяць у гульнявой форме два разы на тыдзень. Падчас іх выхаванцы старэйшых груп пазнаюць асаблівасці роднай мовы, спасцігаюць народныя традыцыі і фальклор. Свае веды дзецям перадае педагог Рома Сцепаненка. Больш падрабязна пра дзейнасць адукацыйнай ініцыятывы ў Лідзе чытачы таксама даведаюцца са свежага нумару “Нашага слова”.

Лідскі краязнавец і пісьменнік Леанід Лаўрэш для “Нашага слова” пераклаў з польскай мовы цудоўны артыкул “Маладая Беларусь”, які быў апублікаваны ў “Preglad Wilenskim” за 1912 год. Вельмі цікавую тагачасную статыстыку падае “Preglad Wilenski”: “ Шмат хто з тых, хто стаіць па-за беларускім рухам, будзе казаць, што газета „Наша Ніва” і народныя выдавецтвы ёсць забаўкай групкі інтэлігентаў, якія выдаюць сябе за беларусаў. Але гэтаму станоўча пярэчаць наступныя лічбы. У 1910 годзе газета надрукавала 666 арыгінальных карэспандэнцый з 320 мясцовасцей. Аўтарамі былі пераважна сяляне, рамеснікі, паўінтэлігенцыя мястэчак, народныя настаўнікі, арганісты. Па губернях, карэспандэнты падзяляюцца наступным чынам: Менская губерня – 208, Гарадзенская – 114, Магілёўская – 65, Віцебская – 27, Ковенская – 15, Смаленская – 8, Віленская – 229. У гэтым жа 1910 годзе газета надрукавала 69 твораў белетрыстыкі розных аўтараў і 112 паэтычных твораў 24-х аўтараў. Публіцыстыку пісалі 32 аўтара, не лічачы рэдакцыі. Пра рост колькасці народных чытачоў пераканаўча сведчыць развіццё выдання кніг. Календары, брашуры і кніжкі на беларускай мове выдаюцца наступнымі арганізацыямі: „Наша Ніва” і „Наша Хата” – у Вільні, „Загляне сонца і ў наша ваконца” – у Пецярбургу, „Палачанін” – у Полацку, „Мінчук” – у Менску. Разам, на працягу апошніх 4 гадоў, выдадзена каля 200 000 асобнікаў, з якіх палова выкуплена, г. з. да 25 000 выданняў штогод. Акрамя згаданай народнай літаратуры на беларускай мове, друкаваліся і каталіцка-рэлігійныя выданні. Выйшлі з друку 2 катэхізісы і „кніжка” пра дабраславёнага Андрэя Баболю…”.

Беларуская Радыё Рацыя