Свежы нумар “Дзеяслова” з Някляевым, Зуёнкам, Далідовічам…



Выйшаў з друку другі нумар (сакавік-красавік) літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”.

На першых старонках выдання апублікавана ўнікальная паэма Уладзіміра Някляева “Вар’ятня”. А таксама новыя вершы Валянціны Аксак, Васіля Зуёнка і Андрэя Сцепанюка. Новыя вершы Васіля Зуёнка – гэта развагі пра чалавечае жыццё і пра лёс Беларусі:

Зямны азіраю шар

З падступнай думай балеснаю:

Беларусь… ці ты Божы дар,

Ці ўпала сляза нябесня?..

Дэбютуе падборкай вершаў у “Дзеяслове” Дар’я Мацеша пад назвай “Меtamorphoses”.

Раздзел прозы распачынае Леанід Дранько-Майсюк “прозай з той кніжкі, якая можа быць” пад агульнай назвай “Скрыня. Куфар. Камода”. Дар’я Ліс чытачам прапануе біяграфічны расповед “Не кажы бабулі”, і са спадчыны Уладзіміра Міхно (1964-2019) друкуецца працяг аповесці “Квадратны цвік”.

Адам Глобус цікава піша пра тутэйшых арт-авангардыстаў, Барыс Пятровіч друкуе нататкі з нататнікаў “Ісці і не баяцца”, Лявон Валасюк знаёміць з “Выспачкамі памяці”, а Генрых Далідовіч падзяліўся сваімі штрыхамі да грамадзянскай біяграфіі творцы і дзяржаўнага дзеяча ў эпоху савецкай улады і пачатковага постсаветызму.

Сяргей Шапран прыгадвае “Рыгора Барадуліна з чорным катом і без”, а Васіль Аўраменка піша пра творчасць Андрэя Хадановіча.

Па-беларуску загучалі вершы ўкраінкі Ірыны Навіцкай і апавяданні літоўкі Марыі Ластаўскене.

На анкету “Дзеяслова” адказваюць Вольга Бабкова і Фелікс Баторын.

Беларускае Радыё Рацыя