У Гародні прадалі былы Дом афіцэраў
У Гародні на аўкцыёне 28 красавіка прадалі будынак былога Дома афіцэраў, пра гэта паведамляе тэлеканал «Гродно+».
Аб’ект некалькі разоў выстаўлялі на продаж, але пакупнікоў не было. У выніку стартавая цана пасля некалькіх няўдалых аўкцыёнаў упала да 1 базавай велічыні. Аднак падчас таргоў яна вырасла да 239 тысяч беларускіх рублёў. На гэтым месцы павінен з’явіцца аб’ект грамадскага прызначэння.
Гэта першы будынак, узведзены ў Гародні ў стылі канструктывізму (1924–1926). Ён прызначаўся для ваенізаванай арганізацыі „Стралковы саюз” і называўся Dom Strzelca. Першы каменны блок у падмурак паклаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі.
-

Фота з архіву В. Саяпіна і інтэрнэт-рэсурсу old.grodno.net. 1958 год
Пры Саветах будынак выкарыстоўваўся як гарнізонны Дом афіцэраў. Тут была адна з галоўных канцэртных пляцовак горада. Напрыканцы 1960-х да будынка прыбудавалі канцэртна-тэатральную залу на 800 месцаў, а таксама спартыўна-гімнастычны комплекс. У ім трэніравалася чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Вольга Корбут.
