Спявак Ілля Сільчукоў дэбютуе ў легендарным тэатры La Scala
Адзін з самых вядомых беларускіх оперных спевакоў Ілля Сільчукоў, якога ў 2020 годзе звольнілі ў Беларусі за грамадзянскую пазіцыю, у пачатку чэрвеня ўпершыню выступіць у знакамітым тэатры La Scala ў Мілане, паведамляецца на сайце оперы.

«Я вельмі рады абвясціць пра свой маючы адбыцца дэбют у легендарным тэатры La Scala ў оперы Дворжака «Русалка», — напісаў сам Сільчукоў у фэйсбуку.
Прэм’ера оперы запланаваная на 6 чэрвеня. Ілля Сільчукоў выступіць там у ролі Паляўнічага, а таксама выканае ролю Водніка за свайго адсутнага калегу.
Сільчукоў таксама прыме ўдзел у спектаклі Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляванне караля Стаха», прэм’ера якога адбудзецца 4-16 верасня 2023 года ў Лондане на галоўнай сцэне аднаго з вядучых сусветных цэнтраў мастацтваў Barbican.