На Заслаўскім вадасховішчы загінуў чалавек, два пацярпелі

У Следчым камітэце расказалі падрабязнасці трагедыі на Менскім моры, у выніку якой адзін чалавек загінуў і два пацярпелі. Надзвычайнае здарэнне адбылося на тэрыторыі Заслаўскага вадасховішча паблізу вёскі Зарэчча-1 Менскага раёна. Праз моцныя паветраныя віхуры адбылося падзенне дрэў. Па папярэдняй інфармацыі, у той дзень кампанія маладых людзей прыехала на пляж, каб адзначыць дзень нараджэння. У спецыяльна адведзеным месцы яны разбілі кемпінг. Падчас адпачынку надвор’е рэзка сапсавалася. Парывамі ветру вырвала дрэва, якое ўдарыла і прываліла 19-гадовую жыхарку Менска. Ад атрыманых траўм яна памерла на месцы. Таксама пацярпелі 24-гадовая дзяўчына і 25-гадовы мянчук. З траўмамі рознай ступені цяжкасці яны шпіталізаваны.