Андрэй Шарэнда: Паліна з першага дня зняволення заявіла, што лічыць сябе ваеннапалоннай



Палітзняволеная Паліна Шэрэнда-Панасюк знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Гомелі. У пачатку жніўня грамадская актывістка з Берасця мусіла выйсці на волю, але яе этапавалі ў СІЗА-3 Гомеля і абвінавачваюць у “злосным непадпарадкаванні патрабаванням папраўчай установы”. Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года і пакаралі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі.

Напярэдадні заканчэння тэрміна зняволення на яе завялі новую крымінальную справу. Ці спадзяецца сям’я Паліны, што яна выйдзе на волю? Чаму на палітзняволеную аказваецца такі ціск? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае грамадскі актывіст і муж Паліны Андрэй Шарэнда ў гутарцы з Юліяй Сівец.

-На жаль, сувязі пакуль няма ўвогуле, пачынаючы з новага года сувязь з Палінай амаль знікла. Толькі таму што з ёй зараз некалькі месяцаў праходзяць так званыя следчыя дзеянні па новым крымінальным артыкуле, у нас ёсць інфармацыя пра яе, што з ёй адбываецца. Бо, натуральна, на следчыя дзеянні выклікаецца адвакат. Ён ходзіць да яе. Але, на жаль, ад адваката таксама шмат чаго не даведаешся, адвакаты ў такім падвешаным стане ўсе знаходзяцца. Яны проста баяцца казаць нейкую інфармацыю, якая можа паўплываць на іх становішча. На жаль, кепскія прагнозы збыліся. Паліне выстаўлена абвінавачанне па новай крымінальнай справе. Гэта сумнавядомы 411 артыкул – так званае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. На жаль, з таго, што вынікае, зараз у Паліны фактычна ўвогуле сцерліся тэрміны зняволення. Бо гэта ўжо другі раз, калі Паліне будуць падаўжаць тэрмін. Фактычна нічога не замінае лукашыстам рабіць гэта кожны год. І навешваць год за годам. Увесь тэрмін знаходжання стаў бясконцым і пераўтварыўся ў Паліны ў “год сурка”, калі Паліну кожны год будуць судзіць па гэтым 411 артыкуле. І, на жаль, кожны год яе будуць прапускаць праз гэты молах ціску, молах рэпрэсій. Бо толькі за апошні год Паліна прабыла ў ШІЗА больш за 200 сутак. Незразумела як такое ўвогуле можна вытрымаць!

РР: Ці вы спадзяваліся, што яе выпусцяць? Ці ўсё ж такі думалі, што Паліне працягнуць тэрмін?

Андрэй Шарэнда: Чалавек заўсёды хоча верыць у лепшае. Асабліва, калі гэта тычыцца роднага чалавека, калі гэта маці тваіх дзяцей. Асабліва ў гэта вераць, безумоўна, дзеці. Яны ведалі, што ёсць нейкі тэрмін, калі Паліна можа і павінна выйсці на волю. Яны да гэтага вельмі моцна рыхтаваліся. Зразумела, сама сістэма робіць усё для таго, каб больш балюча гэты працэс быў зроблены. Мы ж увогуле некалькі месяцаў не ведалі, у якім стане гэтая справа. Нібыта ўсё скончылася. Але літаральна за два дні да вызвалення выклікалі адваката. І стала зразумела, што Паліну возьмуць пад варту. І яна была накіравана ў СІЗА Гомеля.

РР: Чаму аказваецца такі ціск на Паліну? Чаму яе не выпускаюць?

Андрэй Шарэнда: Па-першае, Паліна адна з нешматлікіх палітвязняў, якая мае жорсткую пазіцыю. Яна з самага першага дня зняволення падкрэсліла, што не лічыць сябе ні зняволенай, ні палітзняволенай, а лічыць сябе ваеннапалоннай. І патрабавала да сябе такія ж адносіны, як да ваеннапалоннай. Таксама Паліна цалкам не прызнае існуючую ўладу і не баіцца называць рэчы сваімі сапраўднымі імёнамі. Зразумела, што ўсё гэта не можа не выклікаць адваротную рэакцыю. Паліну ўвесь час прэсуюць. Гэта як фізічны ціск у выглядзе пастаяннага змяшчэння ў ШІЗА і карцар, так і маральны ціск, пастаянныя этапы, пераводы з аднаго месца на другое. Таксама было ўжыта і фізічнае ўздзеянне. Паліна была збіта ў калоніі два месяцы таму. Па-другое, гэта яшчэ і банальная помста. Помста Паліне за ўсе гады змагання з рэжымам Лукашэнкі. Хоць Лукашэнка шмат разоў падкрэсліваў, што з жанчынамі не змагаецца, але насамрэч гэта не так. Любы апанент, які нанёс дыктатару нейкую крыўду, будзе пакараны вельмі жорстка.

Цалкам гутраку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя