Месцаў падтапленняў у Менску з 2010-га стала ў паўтара разу больш



Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун паведаміў пра планы куплі новай машыны для ачысткі “ліўнёўкі”. Так чыноўнікі хочуць вырашыць праблему затаплення некаторых вуліц у час моцных дажджоў. Гэтую праблему гарадскія ўлады спрабуюць вырашыць ужо не адно дзесяцігоддзе. І, што цікава, нельга сказаць, што колькасць падтапленняў стабільна зніжаецца. Корзун сказаў, што сёння ў Менску 108 такіх месцаў. Еўрарадыё паглядзела, што раней казалі службоўцы: так, у 2014 і 2017 месцаў падтапленняў налічвалася “каля 130”. А, для параўнання, у 2010-м казалі, што такіх месцаў 77. То бок за 13 гадоў іх колькасць павялічылася амаль у паўтара разу.

Былы мэр Мікалай Ладуцька абяцаў, што праблема будзе цалкам вырашана да 2018 года.