У Наваполацкую калонію накіраваны яшчэ адзін прадстаўнік СМІ
З 21 ліпеня ў ПК№1 адбывае пакаранне Канстанцін Залатых – былы дырэктар газеты «Беларусы і рынак», паведамляе „Віцебская вясна”.

6 красавіка 2023 г. палітвязню прысудзілі чатыры гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле 4-х крымінальных артыкулаў: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы), арт. 426 (Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў). Суддзя Мінгарсуду Алена Шылько прысудзіла мужчыну 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Супрацоўнікі КДБ затрымалі былога дырэктара газеты«Белорусы и рынок»18 траўня 2022 года. Затрыманне адбылося пасля ператрусаў дому ў Залатых і ў рэдакцыі выдання. Разам з ім былі затрыманыя галоўны рэдактара Андрэй Александровіч і бухгалтарка Юлія Кахно. Апошніх дваіх неўзабаве адпусцілі, а Канстанціна Залатых пакінулі пад вартай.
У Наваполацкай калоніі №1 цяпер утрымліваюцца некалькі журналістаў і супрацоўнікаў незалежных СМІ: Анджэй Пачобут, Ігар Лосік, Андрэй Аляксандраў, Андрэй Кузнечык. Усе яны прызнаныя палітычнымі зняволенымі.