З архіва Музея Памяці Сібіры: Разлік з дэпартаваным з-пад Ваўкавыску паперай на паперы



Музей Памяці Сібіры ў Беластоку карпатліва збірае дакументы жыхароў Падляшша, сваякі якіх былі высланыя ў Сібір. Сярод экспанатаў – разліковая кніжка інструктара па мастацкай частцы, каваля і лесаруба Вітольда Свянціцкага, які трапіў у ссылку з-пад Ваўкавыску.

З экспанатам знаёміць кіраўнік аддзела культурніцкіх праектаў Музея Памяці Сібіры Пётр Паплаўскі:

– Вітольд Свенціцкі нарадзіўся ў 1905 годзе ў Варшаве. Пасля выбуху Другой сусветнай вайны пераехалі пад Ваўкавыск, у вёску Губчыцы. У чэрвені 1940 года разам з сям’ёй быў дэпартаваны да Архангельска, адтуль трапілі да лесапункта Умаватае. Там ён працаваў памочнікам каваля, пасля – на лесазагатоўцы. У нашым архіве захоўваецца ягоная кніга выплат за працу. Там невялікія сумы ў некалькі соцень рублёў. Для нас важна памятаць, што ссыльныя гэтыя грошы атрымлівалі не наяўнымі, а ў выглядзе так званых „аблігацый”.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ўсходнія тэрыторыі Польшчы былі „уз’яднаны” савецкімі войскамі з тэрыторыяй Усходняй Беларусі. Амаль 58 тысяч жыхароў былі дэпартаваныя менавіта ў Архангельскую вобласць. Праца спецпасяленцаў нават пры самым нізкім заробку заставалася нерэнтабельнай. Пасля вырашэння „польскага пытання” усе былыя спецпасяленцы паспяшаліся выехаць з тэрыторыі СССР.

Беларускае Радыё Рацыя