Чарговага працаўніка МТЗ асудзілі па „народным” артыкуле за пратэсты
Чарговага працаўніка МТЗ асудзілі па „народным” артыкуле за паслявыбарчыя пратэсты.

У Менску працягваюцца суды над удзельнікамі мітынгу і шэсця працаўнікоў МТЗ у жніўні 2020 года. Усіх іх абвінавачваюць па „народным” артыкуле — ч.1 арт. 342 КК. Чарговы прысуд вынесены Антону Сцяпанаву судом Ленінскага раёна Мінска.
Справу разглядала суддзя Юлія Інчына.
У судзе Сцяпанаў сваю віну прызнаў і патлумачыў, што 14 жніўня 2020 года ўбачыў ля прахадной МТЗ групу грамадзян, якія сабраліся прыняць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па факце нязгоды з дзеючай уладай, якія мелі пры сабе розныя плакаты. Ён далучыўся да іх, і ўсе разам пайшлі па вуліцы Даўгабродскай у бок Кірава, а далей — на плошчу Незалежнасці.
Пазней Сцяпанава апазналі на фотаздымках, размешчаных у інтэрнэце, і затрымалі. Суд прызначыў Антону абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады і шэсць месяцаў.