Гомельская міліцыя выкарыстоўвае герб горада часоў Расейскай імперыі



У актавай зале Упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага абласнога выканкама вісіць герб Гомеля ўзору 1855 года, прыняты ў часы Расейскай імперыі, а не афіцыйна зацверджаны сучасны герб беларускага горада. На гэта звярнула ўвагу выданне „Флагшток”.

Імперскі герб Гомеля адрозніваецца ад сучаснага наяўнасцю ў верхняй частцы шчыта выявы двухгаловага арла, а таксама гарадской кароны над шчытом. Такі герб з некаторымі варыяцыямі выкарыстоўваўся да пачатку 20 стагоддзя.

Сучасны герб Гомеля ўяўляе сабою выяву рысі на сінім шчыце. Двухгаловы арол і гарадская карона на ім адсутнічаюць. Ён быў зацверджаны рашэннем Гомельскага гарадскога выканкама ў 1997 годзе.